2018-03-02 11:05:00

Францішка турбуе маскулінісцкі менталітэт у грамадствах


Пантыфіка турбуе маскулінісцкі менталітэт сучасных грамадстваў. Ён прызнаўся ў гэтым у прадмове да толькі што апублікаванай у Іспаніі кнігі “Дзесяць рэчаў, якія папа Францішак прапануе жанчынам” (Diez cosas que el papa Francisco propone a las mujeres). Аўтарам выдання, прэзентацыя якога пройдзе 7 сакавіка 2018 г. у Мадрыдзе, з’яўляецца Марыя Тэрэза Комптэ Граў, выкладчыца сацыяльнага вучэння Касцёла ў Папскім універсітэце ў Саламанцы.

Ватыканская газета “L’Osservatore Romano” апублікавала ліст Францішка да аўтара пад назвай “У жаночым стылі”, які змяшчаецца на першых старонках кнігі. Дзякуючы за ацэнку сваіх прапаноў адносна паклікання і місіі жанчын, Папа прызнаўся, што яго непакоіць “свайго роду маскулінісцкі менталітэт, які захоўваецца нават у найбольш развітых грамадствах, дзе прысутнічае насілле ў адносінах да жанчын, ператвараючы іх у аб’ект жорсткага абыходжання, гандлю і прыбытку, а таксама іх выкарыстанне ў рэкламе і спажывецкай і забаўляльнай індустрыі”. “Мяне турбуе таксама, што нават у Касцёле служэбная роля, да якой пакліканы кожны хрысціянін, у выпадку жанчын часам ператвараецца ў ролю больш нявольніцкую”, - адзначыў Святы Айцец.

На яго думку, неабходна новае даследаванне ў галіне антрапалогіі, якое прыме пад увагу бягучы навуковы прагрэс і культурную адчувальнасць, для большага вывучэння ідэнтычнасці не толькі жанчыны, але і мужчыны. 

Пантыфік выказаў задавальненне тым, што ў сваёй рэфлексіі аўтар не забылася пра “Марыю, благаслаўлёную сярод жанчын”. Быццё жанчынай па прыкладзе Багародзіцы ён назваў “марыйным стылем”, які адлюстроўвае імкненне Касцёла быць Маці, што любіць ўсіх далікатна і пяшчотна.

Францішак пажадаў, каб “дзесяць рэчаў” маглі паслужыць чытачам, спрыяючы іх большай адчувальнасці і ўдзячнасці за місію і пакліканне жанчыны.








All the contents on this site are copyrighted ©.