cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Святы Пасад \ Падзеі і дакументы

Успамін Марыі Маці Касцёла – абавязковы для ўсяго Касцёла

Успамін Марыі Маці Касцёла – абавязковы для ўсяго Касцёла - REUTERS

03/03/2018 12:00

Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў апублікавала дэкрэт, згодна з якім літургічны ўспамін Благаслаўлёнай Панны Марыі Маці Касцёла будзе ўпісаны ў Агульны рымскі каляндар. Ён будзе адзначацца ў панядзелак пасля Пяцідзесятніцы. Такім чынам было рэалізавана рашэнне Святога Айца Францішка. У дадатку да дэкрэту знаходзяцца адпаведныя літургічныя тэксты на лацінскай мове для св. Імшы, Літургіі гадзін і Рымскага мартыралога. Біскупскія канферэнцыі павінны ўхваліць пераклад тэкстаў на нацыянальныя мовы.

Новая цэлебрацыя, як тлумачыцца ў дакуменце, са спасылкай на дагматычную канстытуцыю Другога Ватыканскага Сабора “Lumen Gentium”, павінна паспрыяць лепшаму разуменню прысутнасці Марыі “ў таямніцы Хрыста і Касцёла”. Яшчэ 21 лістапада 1964 г. папа Павел VI урачыста надаў Марыі тытул “Маці Касцёла”. Пачуццё хрысціянскага народу праз два тысячагоддзі гісторыі культывавала сыноўнюю сувязь, якая непарыўна і розным чынам звязвае вучняў Хрыста і Найсвяцейшую Маці, напісаў у сваім каментары да дэкрэту кардынал Рабэр Сара, прэфект Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў. 

Вада і кроў, якія цяклі на крыжы з Хрыстовага сэрца, сведчаць пра татальнасць Яго адкупленчай ахвяры і працягваюць даваць жыццё Касцёлу праз хрост і Эўхарыстыю. У гэтай цудоўнай камуніі, якая сілкуецца сувяззю паміж Адкупіцелем і адкупленымі, Найсвяцейшая Марыя выконвае сваю матчыну місію, дадаў іерарх.

Ён нагадаў, што Ян Павел II даў магчымасць біскупскім канферэнцыям дадаць заклік “Маці Касцёла” да Літаніі Ларэтанскай. А з цягам часу ўспамін Марыі Маці Касцёла быў зацверджаны ў календарах некалькіх краін, такіх як Польшча і Аргентына, а таксама ў пэўных месцах, напрыклад, у базыліцы св. Пятра. 

Папа Францішак пастанавіў, што ўспамін Благаслаўлёнай Панны Марыі Маці Касцёла ва ўсім Касцёле рымскага абраду будзе адзначацца ў панядзелак пасля ўрачыстасці Спаслання Духа Святога. Гэта падкрэсліць відавочнасць сувязі паміж жыццёвасцю Касцёла Пяцідзесятніцы і мацярынскім клопатам Марыі.

Пашырэнне цэлебрацыі на ўвесь Касцёл будзе нагадваць вучням Хрыста, што, калі мы хочам расці і напаўняцца Божай любоўю, неабходна цвёрда паставіць наша жыццё на трох вялікіх рэальнасцях: Крыжы, Эўхарыстыі, і Найсвяцейшай Панне. Гэтыя тры таямніцы Бог даў свету для таго, каб будаваць, апладняць і асвячаць унутранае жыццё чалавека і прывесці яго да Езуса, тлумачыць у сваім каментары прэфект Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў.

Сімвалічна, што датай падпісання дакументу з’яўляецца 11 лютага 2018 г. – 160-я гадавіна першага аб’яўлення Багародзіцы ў Лурдзе.


03/03/2018 12:00