2018-03-03 13:36:00

Святы Айцец агучыў сваю інтэнцыю на сакавік


Пра неабходнасць добрай фармацыі для духоўнага распазнання нагадаў Францішак у каментары да сваёй малітоўнай інтэнцыі на сакавік. Папа перакананы, што ў гэтым мае патрэбу сучасны свет, дзе трэба мудра выбіраць сярод многіх галасоў, якія даходзяць да нас з розных бакоў. Абвяшчэнне папскіх інтэнцый традыцыйна суправаджаецца спецыяльным відэа-ролікам, які раскрывае іх сутнасць.

“Эпоха, у якой мы жывем, патрабуе ад нас развіцця глыбокай здольнасці распазнавання... Распазнаваць паміж усімі галасамі, які з іх з’яўляецца голасам Пана, які з’яўляецца Яго голасам, што вядзе нас да Уваскрасення, да Жыцця; гэта голас, які ратуе нас ад “культуры смерці”. Мы павінны “чытаць знутры” тое, аб чым Пан просіць нас, каб жыць у любові і быць прадаўжальнікамі Яго місіі любові. Будзем маліцца разам, каб увесь Касцёл прызнаў тэрміновую неабходнасць фармацыі ў духоўным распазнаванні, як на асабістым, так і на агульным ўзроўнях”, - пракаментаваў сваю інтэнцыю ў відэа Францішак.

Ролік з адмысловым зваротам Святога Айца распаўсюдзіў Ватыканскі тэлецэнтр праз свой канал у “YouTube”.

 








All the contents on this site are copyrighted ©.