2018-03-04 13:39:00

Пантыфік: не выкарыстоўваць Бога ў сваіх інтарэсах


Не выкарыстоўваць Бога на карысць сваіх інтарэсаў, заклікаў Францішак 4 сакавіка 2018 г. у разважанні перад малітвай “Анёл Панскі”. Трэба жыць не ў пошуках асабістай выгады, а на славу Бога, Які ёсць любоў, падкрэсліў Святы Айцец. 

“Сённяшняе Евангелле распавядае ў версіі св. Яна пра тое, як Езус павыганяў з Ерузалемскай святыні гандляроў (Ян 2, 13-25). - нагадаў Папа - Ён рэалізаваў гэты жэст, зрабіўшы бізун з вяровак, папераварочваў сталы, гаворачы “не рабіце дому Айца Майго домам гандлю” (Ян 2, 16). Гэта вырашальнае дзеянне, якое адбылося напярэдадні Пасхі, зрабіла вялікае ўражанне на натоўпе і выклікала варожасць рэлігійных уладаў і тых, хто адчуў пагрозу для сваіх эканамічных інтарэсаў. Як мы павінны гэта інтэрпрэтаваць? Вядома, што гэта не было дзеянне, адзначанае насіллем. Яно не выклікала рэакцыі службы грамадскага парадку і было зразумета як дзеянне тыповае для прарокаў, якія часта асуджалі ў імя Бога злоўжыванні і парушэнні закону. Але ўзнікала пытанне адносна ўлады. Сапраўды, юдэі спыталі Езуса: “Які знак пакажаш нам?” (Ян 2, 18), як быццам патрабуючы, каб даказаў, што дзейнічае сапраўды ад імя Бога.

Для інтэрпрэтацыі Хрыстовага жэсту ачышчэння Божага дому, Яго вучні выкарысталі біблійны тэкст, узяты з Псальму 69: “Клопат аб доме Тваім з’ядае Мяне” (Ян 2, 17). Гэты псальм утрымлівае заклік аб дапамозе ў сітуацыі крайняй небяспекі па прычыне нянавісці ворагаў: сітуацыі, у якой Езус апынецца падчас мукі. Клопат аб доме Айца прывядзе Яго на крыж: Яго клопат – гэта клопат любові, што вядзе да ахвяры, а не ілжывая стараннасць, якая мае на ўвазе служэнне Богу праз насілле. Сапраўдым “знакам”, які Езус прадставіць у якасці доказу сваёй сілы, будзе менавіта Яго смерць і ўваскрасенне: “Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні  ўзнясу яе” (Ян 2, 19). Евангеліст адзначае: “Казаў жа Ён пра святыню цела свайго” (Ян 2,  21). Разам з Пасхай Езуса распачынаецца новы культ, культ любові, і новая святыня, якой з’яўляецца Ён сам.

Стаўленне Езуса, апісанае ў сённяшнім евангельскім урыўку запрашае нас жыць не ў пошуках сваіх выгады і інтарэсаў, а на славу Бога, Які ёсць любоў. Мы пакліканы заўсёды памятаць тыя моцныя словы Езуса: “не рабіце дому Айца Майго домам гандлю” (Ян 2, 16). Яны дапамагаюць нам пазбавіцца пагрозы ператварэння нашай душы, якая з’яўляецца святыняй Бога, у рынак, жывучы ў пастаянным пошуку прыбытку, а не шчодрай і салідарнай любоўю. Гэта вучэнне Езуса заўсёды актуальнае, і не толькі для касцёльных супольнасцяў, але і для асобных людзей, для грамадзянскай супольнасці і ўвогуле грамадства. Бо агульнай з’яўляецца спакуса выкарыстання добрых спраў, часам неабходных, для клопату пра асабістыя інтарэсы, у тым ліку і незаконныя. Гэта сур’ёзная небяспека, асабліва, калі Бог і належны Яму культ выкарыстоўваюцца інструментальна, або калі гэта робіцца з служэннем чалавеку, які з’яўляецца яго вобразам. Вось чаму Езус выкарыстаў гэты “цвёрды метад”, каб прабудзіць нас перад абліччам смяротнай небяспекі.

Няхай Дзева Марыя падтрымае нас у імкненні зрабіць Вялікі пост добрай магчымасцю для прызнання Бога адзіным Панам нашага жыцця, выдаляючы з нашага сэрца і нашых спраў любыя формы ідалапаклонства”, - сказаў Пантыфік падчас свайго разважання.

Пасля “Анёл Панскі” Францішак прывітаў сабраных на плошчы св. Пятра рымлян і пілігрымаў і папрсіў іх не забывацца пра малітву за яго.








All the contents on this site are copyrighted ©.