2018-03-05 13:00:00

Францішак: вера і рэлігія – гэта не відовішча


Касцёл хоча, каб мы змянілі наша мысленне ў адпаведнасці з вучэннем Хрыста, заўважыў Францішак падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане. Спасылаючыся на літургічныя чытанні (2 Вал 5, 1-15а; Лк 4, 24-30), якія распавядаюць пра вылячэнне сірыйца Наамана, і прыводзяць словы Езуса, што “ніводзін прарок не з’яўляецца пажаданым на сваёй бацькаўшчыне”, Папа падкрэсліў, што вера і рэлігія не з’яўляюцца відовішчам. 

Ён адзначыў, што Вялікі пост – гэта час для навяртання мыслення, а таксама змены дзеянняў і пачуццяў. Навяртанне нашых дзеянняў выяўляецца ў посце, дабрачыннасці і пакаянні. Пантыфік звярнуў увагу ў гэтым кантэксце на змест евангельскіх Благаслаўленняў і 25-га раздзелу Евангеля св. Мацвея. Ён падкрэсліў, што неабходна таксама навяртанне пачуццяў у бок спачування і спагады.

Каментуючы першае чытанне аб вылячэнні Наамана ў водах Ярдана, Папа адзначыў, што сірыец чакаў відовішчнага жэсту Бога, таму першапачаткова ўзбунтаваўся супраць наказу абмыцца ў Ярдане. У той жа час, стыль дзеяння Бога зусім іншы, Ён аздараўляе не так, як гэтага чакаюць людзі. Таксама і жыхары Назарэта былі здзіўлены, чакаючы ад Езуса чагосьці эфектнага, цудаў. У той жа час, Пан Езус, чыё паходжанне яны добра ведалі, сказаў: “Сапраўды кажу вам: ніводзін прарок не з’яўляецца пажаданым на сваёй бацькаўшчыне”.

“Мы не пагаджаемся з думкай, што хтосьці спасярод нас можа нас выправіць. Павінен прыйсці нехта, хто арганізуе шоу, і толькі ён будзеце ў стане настаўляць нас. Але рэлігія – не шоу. Вера не відовішча: гэта дзеянне Слова Божага і Святога Духа ў чалавечых сэрцах”, - сказаў Францішак.

Пантыфік падкрэсліў, што Касцёл заклікае нас, такім чынам, змяніць лад мыслення, стыль мыслення. “Вы можаце прачытаць увесь Сімвал веры, нават усе дагматы Касцёла, але калі гэта не робіцца ў хрысціянскім духу, нічога з гэтага не патрэбна”, - лічыць Папа.

Ён заклікаў вернікаў, сабраных у капліцы Дому св. Марты, задаць пытанне аб сваім ладзе мыслення: гэта стыль Езуса ці стыль маёй невялікай групы, сацыяльнага класу, да якога належу, маёй палітычнай партыі? Ці на самой справе думаю згодна з духам Божым?

“Трэба прасіць аб ласцы распазнання, калі думаю паводле духа гэтага свету, а калі паводле духа Божага, і прасіць аб ласцы навяртання нашага мыслення”, - заключыў у сваёй гаміліі Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.