cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Святы Пасад \ Падзеі і дакументы

Кардынал Паралін: неабходная змена адносін да міграцыі

Кардынал Паралін: неабходная змена адносін да міграцыі

06/03/2018 16:40

На неабходнасць змены адносін да міграцыі звярнуў увагу кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін падчас адкрыцця канферэнцыі Міжнароднай каталіцкай камісіі па міграцыі (International catholic migration commission), якая праходзіць 6-8 сакавіка 2018 г. у Рыме. Бліжэйшы супрацоўнік Папы 
нагадаў, што міграцыя – гэта не пагроза, а складнік жыцця сучасных грамадстваў.

Кардынал Паралін заклікаў да стварэння легальных і бяспечных шляхоў для міграцыі, асабліва ў сітуацыях, калі людзі ратуюцца ад насілля ці наступстваў прыродных катаклізмаў. Трэба працаваць, каб бежанцы не былі вымушаны здзяйсняць “небяспечных падарожжаў”, каб не станавіліся ахвярамі гандляроў людзьмі, “прадухіляць сацыяльныя хваляванні, якія могуць мець палітычныя наступствы”, заўважыў ён.

Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі нагадаў, што многія краіны, асабліва найбольш развітыя з эканамічнага пункту гледжання, шмат у чым абавязаны мігрантам. Хоць добра вядома пра прычыны міграцыі і жудасныя пакуты, якія людзі спазнаюць падчас падарожжаў, але гэта з’ява дагэтуль разглядаецца ў якасці “надзвычайнай сітуацыі” ці нават “небяспекі”, з жалем заўважыў кардынал.

Паводле іерарха, адным з самых складаных, а адначасова тэрміновых і неабходных заданняў з’яўляецца праца, накіраваная на змену стаўлення насельніцтва да мігрантаў. Ён заклікаў удзельнікаў рымскай канферэнцыі спрыяць пераадоленню ў грамадствах шматлікіх забабонаў і беспадстаўных страхаў, якія тычацца прыняцця замежнікаў, а таксама да ўраўнаважанага і станоўчага разумення міграцыі.

Міжнародная каталіцкая камісія па міграцыі была заснавана ў 1951 г. па ініцыятыве Пія ХІІ, з мэтай дапамогі шматлікім мігрантам і бежанцам, якімі напоўнілася Еўропа пасля Другой сусветнай вайны. Гэта арганізацыя аб’ядноўвае прадстаўнікоў епіскапатаў і каталіцкіх гуманітарных арганізацый, якія дзейнічаюць у сферы аказання дапамогі мігрантам і бежанцам. 8 сакавіка яе членаў прыме на аўдыенцыі ў Ватыкане папа Францішак.


06/03/2018 16:40