2018-03-07 13:36:00

Пантыфік прывітаў удзельнікаў Паралімпійскіх гульняў


Папа запэўніў у сваёй малітве ўдзельнікаў ХІІ Паралімпійскіх зімовых гульняў, якія 9-18 сакавіка 2018 г. пройдуць у паўднёвакарэйскім Пхёнчхане. Алімпійскія гульні, якія нядаўна завяршыліся ў гэтым горадзе, “паказалі якім чынам спорт можа будаваць масты паміж канфліктуючымі краінамі і рабіць каштоўны ўнёсак у перспектыву міру паміж народамі”, заўважыў ён на заканчэнне агульнай аўдыенцыі 7 сакавіка ў Ватыкане.

“Паралімпійскія гульні яшчэ больш сведчаць, што праз спорт можна ўзняцца над уласнай няпоўнаспраўнасцю. Паралімпійскія спартсмены з’яўляюцца для ўсіх прыкладам адвагі, вытрываласці і нязломнасці, не дазваляючы абмежаванням перамагчы сябе. Такім чынам, спорт уяўляе сабой вялікую школу інтэграцыі, а таксама натхненне да жыцця і імкнення змяняць грамадства”, - падкрэсліў Святы Айцец.

На ХІІ Паралімпійскіх зімовых гульнях будуць прадстаўлены 48 краін. Упершыню ў спаборніцтвах прымуць удзел спартсмены з Грузіі і Паўночнай Карэі. Праграма гульняў уключае шэсць дысцыплін: біятлон, кёрлінг, горныя лыжы, лыжныя гонкі, пара-сноўборд і следжэ-хакей.








All the contents on this site are copyrighted ©.