cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Святы Пасад \ Каментарыі

Ватыканскі прэфект пра тоеснасць і місію сталых дыяканаў

Ватыканскі прэфект пра тоеснасць і місію сталых дыяканаў - EPA

08/03/2018 12:21

Тоеснасць, фармацыя і місія – тры фундаментальныя аспекты, якія закрануў кардынал Бэньяміна Стэла, прэфект Кангрэгацыі па справах Духавенства, падчас сустрэчы са сталымі дыяканамі італьянскага рэгіёна Кампанія, якая 3 сакавіка 2018 г. прайшла ў Пампеях.

Ватыканскі іерарх адзначыў, што яснае акрэсленне тоеснасці сталага дыяканату з’яўляецца тэрмінова неабходным у нашу эпоху, у першую чаргу, каб пазбегнуць рызыкі разглядання сталых дыяканаў як “напалову святароў ці напалову свецкіх”, аб чым папярэджваў папа Францішак, або як “няспоўненых святароў” ці “прасунутых свецкіх вернікаў”.

Сталыя дыяканы маюць асаблівае служэнне Евангеллю і Божаму Валадарству, якое ў пэўных “касцёльных і жыццёвых сітуацыях і абставінах” можа быць больш плённым, чым нават служэнне святара, які мае больш шырокія пастырскія заданні, прыводзіць словы кардынала Стэлы ватыканская газета “L’Osservatore Romano”.

Гаворачы пра пытанні фармацыі, кардынал Стэла заўважыў, што яна павінна спрыяць выхаванню ў сталых дыяканаў такіх цнотаў, якіх патрабуюць і святары: псіхічнай ураўнаважанасці, належнай тэалагічнай і дактрынальнай дасведчанасці, ведання касцёльнага вучэння, малітоўнага жыцця, душпастырскіх здольнасцяў, неабходных для прапаведвання Евангелля.

Іерарх заўважыў, што не існуе спецыяльных “семінарый” для сталых дыяканаў, таму кожнай дыяцэзіі рэкамендавана распрацаваць фармацыйны шлях для людзей, якія маюць такое пакліканне. Падрыхтоўка сталых дыяканаў не павінна быць павярхоўнай і паспешлівай. Яна павінна даваць больш глыбокія і спецыфічныя кампетэнцыі ў параўнанні з падрыхтоўкай свецкіх душпастырскіх супрацоўнікаў.

Паводле кардынала Стэлы, служэнне сталых дыяканаў неабходна ў дабрачыннай сферы, “першай” евангелізацыі, катэхізацыйнай падрыхтоўцы да хросту. Яно павінна адпавядаць закліку папы Францішка да будавання Касцёла, які выходзіць насустрач людзям і мае місійную накіраванасць.


08/03/2018 12:21