cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Святы Пасад \ Падзеі і дакументы

Святы Пасад аб кіраванні рэсурсамі манаскіх супольнасцяў

Святы Пасад аб кіраванні рэсурсамі манаскіх супольнасцяў - AFP

08/03/2018 12:18

Кангрэгацыя па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця скіравала рэкамендацыі адносна кіравання эканамічнымі рэсурсамі ў супольнасцях, якія знаходзяцца ў яе кампетэнцыі. Дакумент пад назвай “Эканоміка на службе харызмату і місіі” (Economia a servizio del charisma e della missione) быў прадстаўлены 6 сакавіка 2018 г. прэфектам гэтай дыкастэрыі, кардыналам Жуанам Браз Дэ Авісам і яе сакратаром, арцыбіскупам Хасэ Радрыгесам Карбальё. 

Супольнасцям кансэкраванага жыцця было рэкамендавана заснаваць рады па эканамічных пытаннях, зацвердзіць адміністрацыйны рэгламент, стварыць адмысловыя працоўныя групы для вырашэння пытанняў юрыдычна-эканамічнага характару, а таксама знайсці эфектыўныя формы каардынацыі дзеянняў паміж генеральным эканомам, эканомамі правінцый і выканаўчымі асобамі.

Каб рашэнні, якія прымаюцца ў сферы кіравання эканамічнымі рэсурсамі адпавядалі “харызмату інстытута, яго місіі і парадзе беднасці”, генеральным капітулам рэкамендуецца “падрыхтаваць і зацвердзіць у святле досведу, які быў назапашаны з часам, эканамічную дырэкторыю ці іншы аналагічны тэкст”.

Адзначаецца важнасць адпаведнай фармацыі адказных за кіраванне эканамічнымі рэсурсамі, каб разумелі эканамічныя пытанні ў святле сацыяльнага вучэння Касцёла і з увагай да спецыфічных праблем эканоміка-адміністрацыйнага характару. Пры гэтым важна, каб “тэхнічныя кампетэнцыі” былі спалучаны з “разуменнем асаблівасцяў кансэкраванага жыцця”. Нельга таксама забывацца пра фармацыю свецкіх вернікаў, пакліканых супрацоўнічаць у гэтай сферы.

Адным з лейтматываў дакумента з’яўляецца клопат аб бедных. Кіраванне матэрыяльнымі рэсурсамі інстытутаў і таварыстваў можна “разумець толькі ў святле наследавання беднага Хрыста, што вядзе да клопату пра бедных”. У гэтай перспектыве, кожны інстытут і кожнае таварыства павінны рэалізаваць сапраўдную сустрэчу з беднымі, спрыяючы таму, каб дзяленне дабротамі “станавілася ладам жыцця”.

Інстытутам кансэкраванага жыцця і Таварыствам апостальскага жыцця было рэкамендавана не абмяжоўвацца “вылучэннем катэгорый бедных”, але знаходзіць шляхі набліжэння да іх у духу евангельскай прыпавесці аб Добрым Самараніне. Жаданне адказаць Пану, ахвяруючы наша жыццё бліжняму не можа заставацца на ўзроўні ідэі, але павінна “ператварыцца ў канструктыўнае мысленне, здольнае змяняць свет і даваць імпульс працэсам”, гаворыцца ў ватыканскім дакуменце. 


08/03/2018 12:18