2018-03-09 15:46:00

Папскі прапаведнік заклікаў да ўзрастання ў пакоры


Сваё трэцяе велікапоснае казанне для Святога Айца і супрацоўнікаў Рымскай курыі прапаведнік Папскага дома айцец Раньера Канталамеса прысвяціў пакоры. Чарговае духоўнае разважанне італьянскі капуцын прамовіў раніцай 9 сакавіка 2018 г. у капліцы “Redemptoris Mater” ватыканскага Апостальскага палаца.

Адпраўным пунктам для яго сталі словы апостала Паўла: “Я кажу кожнаму, хто ёсць сярод вас, каб не думалі пра сябе лепш, чым трэба думаць, але ацэньвалі сябе цвяроза, паводле веры, уздзеленай кожнаму Богам. (…) Не мудруйце празмерна, але наследуйце пакорных. Не лічыце сябе мудрымі” (Рым 12, 3-16). Гэтая перасцярога, патлумачыў прапаведнік, датычыць адначасова саманадзейнасці чалавечага розуму і амбіцыёзнасці яго памкненняў.

На думку законніка, воля Бога ўзвышаць пакорных і прыніжаць ганарыстых тлумачыцца Яго любоўю да праўды, бо “пакорны стаіць у праўдзе”, у той час як высакамернасць – гэта, перш за ўсё, ілюзія. “Прыніжаючы сябе, чалавек набліжаецца да праўды”, якая з’яўляецца адзінай магчымасцю, каб сустрэцца з Богам і адкрыцца на Яго ласку, адзначыў а. Канталамеса.

Цвярозая самаацэнка палягае на ўсведамленні сваёй нікчэмнасці без Бога. Гэта і ёсць прыдатная глеба для ўзрастання ў пакоры, запэўніў капуцын. Такое ўсведамленне – нібы турэмная камера, “з якой не бачны недахопы бліжняга”. Свядомае замыканне сябе ў такім астрозе дапаможа ажыццявіць немагчымую, на першы погляд, задачу – у пакоры лічыць адзін аднаго вышэйшым за сябе (Філ 2,3).

Евангелле дае нам цудоўны прыклад такой “пакоры-праўды” у постаці Марыі, працягнуў а. Канталамеса. “Узглянуў Бог на пакору сваёй слугі” – гэтыя словы з малітвы “Magnificat” указваюць на яшчэ адну цікавую ўласцівасць цноты пакоры: хто лічыць, што валодае ёй, насамрэч яе не мае, і наадварот. Разглядзець яе наяўнасць у чалавеку можа толькі Бог.

Зразумець жа, у якой ступені нам уласціва пакора, па-сапраўднаму можна з уласнага стаўлення да праўды пра нашыя слабасці і правіны, выказанай іншымі людзьмі, сказаў законнік. Мноства людзей здольны казаць пра свае заганы і абвінавачваць саміх сябе, аднак не дазваляюць, каб іншыя адкрывалі ім вочы на гэтую праўду. “Кожны шукае ўласнай славы”, аднак менавіта гэта Езус тлумачыў “няздольнасцю верыць”, перасцярог капуцын.

Барацьба за здабыццё пакоры доўжыцца на працягу ўсяго жыцця, а шанец на перамогу, паўтарыў капуцын, палягае на здольнасці шчыра вызнаць перад Богам сваю ганарыстую нікчэмнасць. На завяршэнне казання а. Раньера Канталамеса дадаў, што пакора вельмі патрэбна не толькі для асабістага ўзрастання на шляху да святасці, але і для дабра супольнасці, для годнага будавання Касцёла.








All the contents on this site are copyrighted ©.