cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Святы Пасад \ Падзеі і дакументы

Святы Пасад: ідзе падрыхтоўка да Панамазонскага Сінода

Святы Пасад: ідзе падрыхтоўка да Панамазонскага Сінода

10/03/2018 13:04

“Амазонія: новыя шляхі для Касцёла і інтэгральнай экалогіі” – так гучыць тэма Спецыяльнай Асамблеі Сінода, прысвечанага Панамазонскаму рэгіёну, які пройдзе ў кастрычніку 2019 г. у Рыме па ініцыятыве папы Францішка. На днях Святы Айцец вызначыў склад Перадсінадальнай рады, якая прыме непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы форуму.

У Раду ўвайшлі 18 чалавек, сярод якіх 3 кардыналы, 13 біскупаў, якія, у асноўным, прадстаўляюць розныя амазонскія супольнасці, адна сястра законная і адзін свецкі вернік. Каментуючы падзею, адзін з членаў Рады, старшыня Панамазонскай Касцёльнай Сеткі, кардынал Клаўдыё Хумэс, падкрэсліў, што своеасаблівы ўнёсак Касцёла рэгіёну ў жыццё Паўсюднага Касцёла рэалізуецца ў той ступені, у якой ён зможа прадэманстраваць сапраўднае “амазонскае аблічча”.

“Разнастайнасць у адзінстве неабходная і каштоўная для існавання Паўсюднага Касцёла. Інтэграцыя хрысціянскай веры ў розныя культуры Амазоніі стане для яго вялікім крокам і сапраўдным узбагачэннем. Мара заключаецца ў тым, каб зрабіць магчымым нараджэнне і развіццё мясцовага Касцёла, інкультураванага, на чале з карэннымі пастырамі”, – падзяліўся пурпурат надзеямі, якія ўскладае на маштабную ініцыятыву Святога Пасаду. 

Нагадаем, што ўпершыню пра свой намер склікаць Сінод па пытаннях евангелізацыі Панамазонскага рэгіёну Францішак паведаміў падчас аўдыенцыі для біскупаў Перу ў маі 2017 г. у рамках іх візіту “ad limina Apostolorum”. Неўзабаве, падчас малітвы “Анёл Панскі” 15 кастрычніка 2017 г. Пантыфік афіцыйна пацвердзіў дадзеную ініцыятыву.

Ужо 19-20 студзеня 2018 г., падчас знаходжання ў Перу ў рамках Апостальскага падарожжа, Папа склікаў і правёў у перуанскім горадзе Пуэрта-Мальданада першую перадсінадальную сустрэчу з удзелам мясцовага духавенства.


10/03/2018 13:04