cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Аўдыенцыі і "Анёл Панскі"

Францішак: Бог побач з намі ў моманты выпрабаванняў

Францішак: Бог побач з намі ў моманты выпрабаванняў

11/03/2018 13:07

Бог не стаіць наўзбоч, але ўваходзіць у гісторыю чалавецтва, уваходзіць у наша жыццё, каб натхняць яго сваёй ласкай і збавіць яго, падкрэсліў Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая адбылася 11 сакавіка 2018 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

“Гэта чацвёртая нядзеля Вялікага посту называецца “Laetare”, што значыць “Радуйся”, таму што антыфона эўхарыстычнай літургіі на ўваход заклікае нас радавацца: “Весяліся, Ерузалем (...). Радуйцеся вы, хто быў засмучаны”. Так пачынаецца св. Імша, - сказаў Папа. - У чым прычына гэтай радасці? Прычына ў вялікай любові Бога да чалавецтва, як паказвае сённяшняе Евангелле: “Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3,16). Гэтыя словы, абвешчаныя Езусам падчас гутаркі з Нікадэмам, абагульняюць тэму, якая знаходзіцца ў цэнтры хрысціянскага паслання: нават калі сітуацыя здаецца безнадзейнай, Бог умешваецца, нясучы чалавеку збаўленне і радасць. Сапраўды, Бог не стаіць наўзбоч, але ўваходзіць у гісторыю чалавецтва, уваходзіць у наша жыццё, каб натхняць яго сваёй ласкай і збавіць яго.

Мы пакліканы быць уважлівымі да гэтага паслання, перамагаючы спакусу самаўпэненасці, нежадання жыць з Богам, адстойвання абсалютнай свабоды ад Яго самаго і Ягонага слова. Калі знаходзім адвагу, каб прызнаць сябе якімі мы ёсць, – а для гэтага патрэбна адвага! – тады ўсведамляем, што з’яўляемся людзьмі, якія пакліканы лічыцца з нашай уразлівасцю і абмежаваннямі. Тады можа здарыцца, што паддадзімся трывозе, неспакою за заўтрашні дзень, страху перад абліччам хваробаў і смерці. Гэта тлумачыць, чаму мноства людзей, шукаючы выйсця паўстаюць на кароткія шляхі, якія часта з’яўляюцца небяспечнымі, як напрыклад тунэль наркотыкаў ці забабонаў або пагубныя магічныя рытуалы. Варта ведаць уласныя абмежаванні, уласныя слабасці. Мы павінны ведаць іх. Але не для таго, каб трапляць у адчай, а каб прынесці іх Пану. Ён дапамагае нам на шляху аздараўлення, вядзе нас за руку і ніколі не пакідае нас саміх, ніколі... Бог з намі і таму я “радуюся”, мы “радуемся” сёння: “Весяліся, Ерузалем – кажа, – таму што Бог з намі”.

Мы маем сапраўдную і вялікую надзею на Бога Айца, багатага міласэрнасцю, які падарыў нам свайго Сына, каб збавіць нас, і ў гэтым наша радасць. Таксама мы сустракаем шмат смутку, але калі мы сапраўдныя хрысціяне, тады маем тую надзею, якая з’яўляецца маленькай радасцю, што расце і дае нам упэўненасць. Мы не павінны трапляць у роспач, калі бачым нашы абмежаванні, нашы грахі, нашы слабасці: Бог – тут, Езус на крыжы, каб аздаравіць нас. Вось Божая любоў... Трэба ўглядацца ў крыж і казаць пра сябе: “Бог мяне любіць”. Сапраўды, існуюць абмежаванні, слабасці, грахі, але Ён большы за абмежаванні і слабасці, большы за грахі. Не забывайце пра гэта: Бог большы за нашы слабасці, нашу нявернасць, нашы грахі. Возьмем Пана за руку, паглядзім на крыж і пойдзем наперад.

Марыя, Маці Міласэрнасці, няхай пакладзе ў нашы сэрцы ўпэўненасць у тым, што Бог любіць нас. Няхай будзе побач з намі ў моманты, калі адчуваем сябе самотнымі, калі сустракаемся са спакусай адчаю перад абліччам жыццёвых цяжкасцяў. Няхай перадасць нам пачуцці свайго Сына Езуса, каб наш велікапосны шлях стаў досведам прабачэння, адкрытасці і любові”, - сказаў Святы Айцец на заканчэнне свайго разважання. 

Пасля “Анёл Панскі” Францішак прывітаў сабраных на плошчы св. Пятра рымлян і пілігрымаў і папрасіў іх не забывацца пра малітву за яго.


11/03/2018 13:07