cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Сустрэчы і падзеі

Папа: чалавецтва патрабуе глабалізацыі салідарнасці і духа

Папа: чалавецтва патрабуе глабалізацыі салідарнасці і духа

12/03/2018 11:55

Чалавецтва патрабуе “глабалізацыі салідарнасці і духа”, таму што будучыня свету – ў жыцці разам, падкрэсліў Францішак падчас візіту у рымскую штаб-кватэру Супольнасці св. Эгідзія, які здзейсніў вечарам 11 сакавіка 2018 г., з нагоды 50-годдзя гэтай каталіцкай арганізацыі. 

Пасля Літургіі слова ў базыліцы Санта-Марыя-ін-Трастэвэрэ Папа пачуў некалькі сведчанняў. Сваімі гісторыямі падзяліліся: пажылая жанчына, бежанец, малады чалавек і міжнародны пасярэднік. Заснавальнік асацыяцыі, Андрэа Рыкардзі, запэўніў у яе гатоўнасці працягваць выконваць гуманітарную, экуменічную і міратворчую місію.

Звяртаючыся да сабраных, Папа спаслаўся на евангельскую прыпавесць пра таланты. На яго думку, такімі для Супольнасці св. Эгідзія з’яўляюцца “малітва, бедныя і мір”. Галоўнае, інвеставаць іх у будучыню, а не закопваць у зямлю, кіруючыся страхам. 

Паводле Святога Айца, сучасны свет часта ахопліваюць страх і гнеў, “сканцэнтраваныя на чужынцах, тых, хто адрозніваецца, на бедных, нібыта яны з’яўляюцца ворагамі”. Людзі пачынаюць бараніцца ад іх, думаючы што такім чынам ахоўваюць тое, што маюць і кім з’яўляюцца. “Атмасфера страху можа заразіць таксама хрысціян”, - папярэдзіў Папа.

Францішак звярнуў увагу на трываючыя ў свеце канфлікты, асабліва на пакуты сірыйскага народа, на шматлікія муры, якія ўзводзяцца перад беднымі людзьмі. Ён заклікаў распазнаваць знакі часу. Свет – гэта кніга, якую трэба чытаць вачыма і сэрцам Бога, сказаў Папа, спасылаючыся на словы Паўла VI. 

Паводле Святога Айца, “духоўнасць Другога Ватыканскага Сабора вучыць нас вялікай і ўважлівай спагадзе да свету”. Таму важна спрыяць глабалізацыі салідарнасці і духа. Будучыня свету – ў супольным жыцці, але гэты ідэал патрабуе будавання мастоў і дыялогу, адкрытасці на сустрэчу з іншымі, прычым не толькі на палітычным, але і асабістым узроўнях, лічыць Папа. 

“Кожны пакліканы да змены ўласнага сэрца і погляду міласэрнасці ў бок іншага чалавека, каб станавіцца будаўніком міру і прарокам міласэрнасці”, - сказаў Францішак, і дадаў, што асаблівым чынам гэта пакліканне тычыцца хрысціян. Міласэрны позірк вымагае крэатыўнасці ў любові, у якой свет мае вялікую патрэбу, адзначыў Святы Айцец.

Супольнасць св. Эгідзія была заснавана ў 1968 г. групай італьянскіх студэнтаў пад кіраўніцтвам Андрэа Рыкардзі. Адбылося гэта на хвалі рэформ, ініцыяваных Другім Ватыканскім Саборам. Асноўнымі напрамкамі яе дзейнасці з’яўляюцца евангелізацыя, дапамога патрабуючым, экуменізм і міжрэлігійны дыялог. На сённяшні дзень каталіцкая асацыяцыя налічвае каля 50 тыс. членаў у больш чым 70 краінах свету.


12/03/2018 11:55