2018-03-12 12:45:00

Пантыфік: сапраўдны хрысціянін не заседжваецца і рызыкуе


Сапраўдны хрысціянін заўсёды шукае радасць ад прабавывання разам з Панам, падкрэсліў Папа падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую цэлебраваў 12 сакавіка 2018 г. у капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. У гаміліі ён спаслаўся на літургічнае евангельскае чытанне пра цудоўнае аздараўленне сына прыдворнага, якога Хрыстус сустрэў у Галілеі (Ян 4, 43-54).

“Калі не ўбачыце знакаў і цудаў, не паверыце”, – такімі словамі Езус папракнуў людзей, для якіх цуды былі чымсьці адзіным важным у жыцці. Паводле Папы, цуды маюць значэнне для абуджэння веры, але вера павінна пастаянна развівацца, ператварацца ў прагненне Бога, станавіцца жаданнем сустрэчы і прабывання з Ім.

“Калі Пан уваходзіць у наша жыццё і здзяйсняе цуд у кожным з нас, а кожны з нас ведае, што Пан учыніў у яго жыцці, то на гэтым усё не завяршаецца: гэта заклік, каб ісці наперад, працягваць пілігрымаванне, “шукаць аблічча Бога”, як кажа псальм, шукаць гэтай радасці”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец заўважыў, што некаторыя хрысціяне “спыняюцца на першай атрыманай ласцы” і паводзяць сябе так, як некаторыя ў рэстаране, наядаюцца закускай, не чакаючы галоўнай стравы, як бы не ведаючы, што самае лепшае, будзе пададзена пазней. Шмат хрысціян паводзяць сябе так, нібыта яны “прыпаркаваліся” – не растуць духоўна, загрузнуўшы ў штодзённых справах.

Францішак заклікаў вернікаў спытаць сябе пра наяўнасць шчырага жадання шукаць Бога. Трэба бараніць свае прагненні і заўсёды крочыць наперад, параіў ён, бо “сапраўдны хрысціянін рызыкуе, ніколі не заседжваецца ў бяспечным месцы”.








All the contents on this site are copyrighted ©.