2018-03-12 14:02:00

Спачуванні Папы ў сувязі са смерцю кардынала Лемана


Францішак накіраваў спачуванні ў сувязі са смерцю кардынала Карла Лемана, біскупа Майнца на пенсіі. Іерарх адышоў у вечнасць 11 сакавіка 2018 г. у 81-гадовым узросце пасля працяглай хваробы.

“На працягу сваёй доўгай дзейнасці, як тэолаг і біскуп, а таксама старшыня Канферэнцыі Біскупаў Германіі, ён паспрыяў фарміраванню жыцця Касцёла і грамадства. Яму заўсёды была блізкай адкрытасць на праблемы і выклікі нашага часу, а таксама жаданне даваць адказы і арыенціры ў святле паслання Хрыста, каб суправаджаць людзей на іх шляху, шукаючы тое, што аб’ядноўвае па-за канфесійнымі, светапогляднымі і дзяржаўнымі межамі”, - напісаў Святы Айцец.

Біскуп Карл Леман нарадзіўся ў 1936 г. у горадзе Зігмарынген, на поўдні Германіі. Вывучаў філасофію і тэалогію, спачатку ва Універсітэце Альберта-Людвіга ў Фрайбургу, а затым у Папскім грыгарыянскім універсітэце ў Рыме, дзе абараніў доктарскія дысертацыі па ўзгаданых дысцыплінах. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1963 г. Быў памочнікам нямецкага тэолага Карла Ранэра. Займаўся выкладчыцкай дзейнасцю будучы прафесарам дагматычнай і экуменічнай тэалогіі.

У 1983 г. быў прызначаны біскупам Майнца. Займаў гэту пасаду на працягу 33 гадоў, да 16 мая 2016 г. Чатыры разы – у 1987, 1993, 1999 і 2005, – абіраўся старшынёй Канферэнцыі Біскупаў Германіі. У 2001 г. атрымаў кардынальскую годнасць. Быў членам Кангрэгацыі Веравучэння, Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў, Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, Папскай рады па сродкай масавай камунікацыі.

Пасля смерці кардынала Лемана Калегія кардыналаў складаецца з 215 іерархаў, з якіх 117 маюць права голасу на магчымым канклаве.








All the contents on this site are copyrighted ©.