cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Святы Пасад \ Каментарыі

Рэформа Рымскай курыі – больш субсідыярнасці ў Касцёле

Рэформа Рымскай курыі – больш субсідыярнасці ў Касцёле - REUTERS

13/03/2018 12:57

Папская рэформа Рымскай курыі азначае большае практыкаванне прынцыпу субсідыярнасці. Такое меркаванне выказаў у інтэрв’ю французскаму тыднёвіку “La Vie” біскуп Марчэла Сэмерара, сакратар Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і рэформе Рымскай курыі.

На яго думку, працэс знаходзіцца ў канчатковай фазе, таму што большая частка змен ужо рэалізавана. Рада кардыналаў пачала ацэнку праведзенай працы. Не плануецца больш ніякіх вялікіх змен у дыкастэрыях, але можна чакаць “жэстаў у бок біскупскіх канферэнцый”, напрыклад, кансультавання з імі канчатковага тэксту новай Апостальскай канстытуцыі аб Рымскай курыі, як гэта зрабіў Ян Павел II у 1988 г. з Канстытуцыяй „Pastor bonus”. Рашэнне, аднак, будзе прымаць Францішак, адзначыў Біскуп Альбана.

На пытанне, што Папа разумее пад словам “рэформа”, іерарх растлумачыў, што гаворка ідзе пра духоўную актыўнасць у пошуку новых рашэнняў для распазнання Божай волі; яна накіравана не толькі на рашэнне бягучых праблем, але і распрацоўку плану дзеянняў на будучыню. Адна з мэтаў рэформы – чалавечая фармацыя і павышаная ўвага да чалавечых рэсурсаў: справа не ў змене людзей, а змене менталіту.

Сакратара Рады кардыналаў спыталі таксама аб магчымасці дэлегавання некаторых рашэнняў мясцовым Касцёлам, у кантэксце “дэцэнтралізацыі”. Італьянскі іерарх патлумачыў, што гаворка ідзе не пра перадачу камусьці ўласнай кампетэнцыі, паколькі біскупы маюць свае паўнамоцтвы, як пастыры дыяцэзій. Касцёл у сваім сацыяльным вучэнні аддавае перавагу казаць пра субсідыярнасць, якая азначае, што “вышэйшая інстанцыя – у дадзеным выпадку Папа – не замяняе сабой іншых інстанцый, калі яны могуць дзейнічаць самастойна, але разглядае магчымасць дапамагчы ім”.

“Рэфармаванне не азначае патрабавання ад кожнага мясцовага Касцёла, каб спраўляўся сам сваімі ўласнымі сродкамі. Прынцып субсідыярнасці, які прадугледжвае, што кожны Касцёл здольны выконваць сваю місію, а калі не можа зрабіць гэтага, мае права разлічваць на дапамогу, якой яму не хапае, гэта на самой справе прынцып сям’і: бацька і маці вучаць сваіх дзяцей рабіць тое, што яны павінны, а калі дзецям не ўдаецца, дапамагаюць ім”, - патлумачыў біскуп Сэмерара.

Ён паведаміў таксама, што Рада кардыналаў не скончыць сваёй працы з завяршэннем пераўтварэнняў. “Папа ўстанавіў Раду не толькі для рэформы Курыі, але і для магчымасці праводзіць кансультацыі па ключавых пытаннях. Францішак неаднойчы казаў, што стварыў гэты орган ў адказ на пажаданні, выказаныя перад канклавам. Рада кардыналаў з’яўляецца асноўнай структурай, з якой Папа праводзіць кансультацыі, але часам не так лёгка яе склікаць...”, - прызнаўся іерарх.


13/03/2018 12:57