cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Касцёл \ Касцёл у Беларусі

Епіскапат Беларусі прапануе малітву за Беларусь і народ

Епіскапат Беларусі прапануе малітву за Беларусь і народ - AFP

14/03/2018 14:59

У Пальмавую нядзелю, якая сёлета прыпадае на 25 сакавіка 2018 г., у касцёлах будуць маліцца за Беларусь і беларускі народ. Справа ў тым, што ў гэты ж дзень шырокая грамадскасць будзе святкаваць 100-годдзе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Яна стала першай беларускай дзяржавай – незалежнасць БНР была абвешчана 25 сакавіка 1918 г.

Выконваючы абавязкі прэс-сакратара Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі кс. Юрый Санько ў інтэрв'ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё адзначыў, што абвяшчэнне незалежнасці БНР, безумоўна, важная падзея ў гісторыі сучаснай Беларусі.

“Утварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі – першы крок да сённяшняй незалежнасці. Касцёл не можа застацца ў баку, нягледзячы на тое, што 25 сакавіка сёлета будзе вельмі важным днём у Вялікім посце – гэта Пальмавая нядзеля. Касцёл сваёй малітваю, сваёй прысутнасцю асвячае нашу зямлю, таму біскупамі было прынята рашэнне аб стварэнні адмысловай малітвы, якой святары ў гэты дзень будуць прасіць Бога за нашу Бацькаўшчыну, наш народ, каб добры Бог дабраслаўляў і напаўняў нашу штодзённасць сваёй прысутнасцю”, - сказаў афіцыйны прадстаўнік Касцёла ў Беларусі.

Канчаткова яшчэ не вырашана, як будзе выглядаць малітва – як адзін з заклікаў Малітвы вернікаў, або асобная малітва, што прачытаюць на завяршэнне Эўхарыстыі. У некаторых парафіях будзе цэлебравацца асобная св. Імша за Беларусь. “Пакуль гэта ў распрацоўцы. Думаю, кожны святар сам будзе прымаць рашэнне ў сваёй парафіі, як будзе выглядаць малітва за Беларусь, бо ў адным касцёле, напрыклад, у мінскім Чырвоным, дзевяць імшаў у нядзелю, у якімсьці парафіяльным касцёле на вёсачцы – адна. Святар абавязаны адпраўляць у гэты дзень св. Імшу за парафію. У бліжэйшы час будзе ўсё будзе вядома”, - зазначыў кс. Санько.

Гісторык Сяргей Харэўскі у каментары для Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё зазначыў, што лёс Касцёла ў Беларусі наўпрост апынуўся знітаваным з лёсам БНР. “У часе, калі адбываліся гэтыя падзеі, 100 гадоў таму, разгарнула сваю дзейнасць Беларуская хрысціянская дэмакратыя. На хвалі гэтых падзей у Мінск вярнуліся многія ксяндзы, знаныя дзеячы беларускага нацыянальнага руху, такія як Адам Станкевіч, Язэп Германовіч, Вінцэнт Гадлеўскі – ён прымаў удзел і ў першым Усебеларускім з’ездзе ў Мінску, ад імя каталіцкага святарства выступаў на гэтым з'ездзе. І так выйшла, што каля паловы лідараў народнага руху ў Мінску былі менавіта католікамі”, - падкрэсліў спадар Харэўскі.

Як і 100 гадоў таму Касцёл у Беларусі імкнецца быць актуальным і прысутным у жыцці грамадства, адпавядаць яго запатрабаванням. Як ў 1918 г. біскуп Зыгмунт Лазінскі ў катэдры прачытаў казанне па-беларуску, так і сёння біскупы і святары дэманструюць, што яны на баку свабоды і незалежнасці Беларусі, пракаментаваў навуковец ініцыятыву беларускага каталіцкага епіскапату.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.


14/03/2018 14:59