2018-03-15 13:13:00

Пантыфік: заступніцкая малітва патрабуе адвагі і цярплівасці


Адвага і цярплівасць – гэта асаблівыя рысы малітвы, якую трэба ўзносіць да Бога “з свабодай дзіцяці”, падкрэсліў Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 15 сакавіка 2018 г. цэлебраваў у капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. У гаміліі ён спаслаўся на чытанне з Кнігі Зыходу, у якім Майсей просіць Бога злітавацца над выбраным народам пасля яго вераадступніцтва (32,7-14). 

Майсей прадстаўляў Пану цэлы шэраг аргументаў у абарону сваіх суайчыннікаў. Прарок нагадваў Богу пра ўсё, што Ён зрабіў для гэтых людзей, нагадваў пра вызваленне з егіпецкай няволі, пра вернасць Абрагама і Ісаака. У яго размове тварам у твар з Панам выяўляецца глыбокая заклапочасць і любоў да народа, заўважыў Папа. 

Паводле яго, Майсей не баяўся казаць праўды, не спрабаваў падкупіць Бога ці “гандляваць сумленнем”. І “гэта падабаецца Богу”, бо калі Ён “бачыць душу, бачыць чалавека, які моліцца, моліцца і моліцца, просячы аб чымсьці, Ён расчульваецца”, падкрэсліў Святы Айцец.

Менавіта такой з’яўляецца заступніцкая малітва, для якой неабходна цярплівасць. “Мы не можам паабяцаць камусьці малітву, а потым адгаварыць “Ойча наш” і “Вітай Марыя”, і забыцца пра справу. Не! Калі абяцаеш маліцца за кагосьці, ты павінен ісці ўзгаданым шляхам, а для гэтага патрэбна цярплівасць”, - сказаў Пантыфік.

 “Калі хачу, каб Пан выслухаў тое, аб чым прашу, я павінен прыходзіць і прыходзіць, стукаць у дзверы, стукаць у Яго сэрца, а таксама ў сваё, бо яно павінна быць глыбока заклапочана справай. Калі маё сэрца не заклапочна патрэбай, не турбуецца пра чалавека, за якога я павінен маліцца, не будзе здольным да адвагі і цярплівасці”, - адзначыў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.