2018-03-15 14:19:00

Святы Айцец прыняў групу бежанцаў і хворых


Францішак прыняў у сваёй ватыканскай рэзідэнцыі – Доме св. Марты, – групу бежанцаў і хворых, якім аказвае дапамогу каталіцкая дабрачынная асацыяцыя “Супольнасць св. Эгідзія”. Аўдыенцыя адбылася 12 сакавіка 2018 г., на наступны дзень пасля візіту Пантыфіка ў рымкую штаб-кватэру арганізацыі.

Бежанцы, якіх прыняў Папа, прыбылі ў Еўропу з Сірыі і краін Афрыканскага рога – паўвострава, на тэрыторыі якога знаходзяцца Эрытрэя, Эфіопія, Самалі і Джыбуці. Яны распавялі Святому Айцу трагічныя гісторыі, якія прымусілі іх пакінуць родныя краіны. 

Францішак дэтальна распытаў, як функцыянуюць гуманітарныя калідоры, а таксама нагадаў пра дапамогу, якая пры яго непасрэдным удзеле была аказана некаторым бежанцам, што знаходзіліся на грэчаскім Лесбасе. У красавіку 2016 г. ён асабіста наведаў востраў і забраў з сабой у Рым некалькі сем’яў, што знаходзіліся у мясцовых лагерах для бежанцаў. 

Папа адзначыў важнасць развіцця гуманітарных калідораў, дзякуючы якім тысячы людзей з ахопленых канфліктамі краін змаглі патрапіць у Еўропу, атрымалі тут належны прыём і прайшлі інтэграцыю ў мясцовыя грамадствы.

Францішак наведваў штаб-кватэру Супольнасці св. Эгідзія 11 сакавіка 2018 г. Візіт быў прымеркаваны да 50-годдзя гэта арганізацыі. У прамове ён заклікаў спрыяць глабалізацыі салідарнасці і духа. “Будучыня свету – ў супольным жыцці, але гэты ідэал патрабуе будавання мастоў і дыялогу, адкрытасці на сустрэчу з іншымі, прычым не толькі на палітычным, але і асабістым узроўнях”, - адзначаў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.