cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Святы Пасад \ Падзеі і дакументы

Папскі прапаведнік пра цноту хрысціянскай паслухмянасці

Папскі прапаведнік пра цноту хрысціянскай паслухмянасці - AP

16/03/2018 14:27

Чацвёртае велікапоснае казанне для Святога Айца і супрацоўнікаў Рымскай курыі прапаведнік Папскага дома, айцец Раньера Канталамеса прысвяціў цноце хрысціянскай паслухмянасці. Духоўныя разважанні італьянскі капуцын агучыў раніцай 16 сакавіка 2018 г. у капліцы “Redemptoris Mater” ватыканскага Апостальскага палаца.

Асновай ізноў паслужыла Пасланне апостала Паўла да Рымлянаў, у якім чытаем: “Кожны чалавек няхай падпарадкоўваецца вышэйшым уладам. Бо няма ўлады, якая не была б ад Бога. Існуючая ўлада ўстаноўлена Богам” (Рым, 13,1). Гаворка ідзе не пра ўладу ў цэлым, але пра грамадзянскую і дзяржаўную, патлумачыў Прапаведнік. Па яго словах, выкананне сваіх абавязкаў перад грамадствам робіць магчымым праяўленне любові да бліжняга.

Любая зямная паслухмянасць вынікае з галоўнай і сутнаснай – паслухмянасці чалавека Богу. Яе айцец Канталамеса параўнаў з “асноўнай ніццю, што падтрымлівае ўсё павуцінне”. Бо калі рвецца бакавая ніць, павук хутка пляце на яе месцы новую; калі ж рвецца нітка, што ідзе зверху, ён пакідае гэтае павуцінне, бо з ім ўжо нічога не зробіш.

Прыроду паслухмянасці можна спасцігнуць на прыкладзе Езуса Хрыста, Які “ўпакорыў Самога Сябе, стаўшыся паслухмяным ажно да смерці” (Філ 2,8). Веліч паслухмянасці Езуса аб’ектыўна вымяраецца пакутамі, якія Ён знёс, а суб’ектыўна – любоўю і свабодай, з якімі праявіў паслухмянасць волі Нябеснага Айца, дадаў папскі прапаведнік.

Хрысціянская паслухмянасць укаранёная ў сакрамэнце хросту з’яўляецца для любога верніка, перш за ўсё, дарам, Божай ласкай і толькі потым – цнотай і законам. У той жа час нельга аддзяляць паслухмянасць Богу ад паслухмянасці зямным уладам, наадварот: наяўнасць першай узмацняе і ажыўляе другую. Такім чынам, паслухмянасць людзям можа стаць крытэрыем, каб судзіць пра наяўнасць або адсутнасць паслухмянасці Богу.

Калі ж прадпісанні зямной улады супярэчаць Божым пастановам, варта наследаваць прыклад Езуса, Які скарыўся людзям, застаўшыся пры гэтым паслухмяным Айцу. Бо гэтага жадаў Бог, а людзі – як гэта здарылася з Каяфай, Пілатам і натоўпам – становяцца інструментам спаўнення Яго волі.

Зразумела, гэты прынцып не з’яўляецца абсалютным, перасцярог святар, кажучы пра абавязак непадпарадкавання відавочна амаральным ці злачынным наказам улады. Ва ўсіх жа астатніх выпадках падпарадкаванне толькі таму, што адпавядае нашым уяўленням ці выбарам, не будзе паслухмянасцю Богу.

Варта навучыцца даручаць усе справы Богу, каб кожнаму занятку, учынку і рашэнню папярэднічала малітва, сказаў капуцын. У такім выпадку нашае жыццё больш не будзе ўвасабленнем асабістай ініцыятывы, але актам паслухмянасці Богу. 

“Калі Бог знаходзіць душу, поўную рашучасці быць паслухмянай, тады бярэ ў Свае рукі яе жыццё, нібы руль маторнай лодкі ці лейцы павозкі. Ён становіцца па-сапраўднаму, а не толькі тэарэтычна, Панам, тым, хто кіруе, вызначаючы ўчынкі, словы чалавека, яго спосаб выкарыстоўваць час, усё”, – запэўніў напрыканцы казання айцец Раньера Канталамеса.


16/03/2018 14:27