2018-03-16 16:39:00

Папа сустрэўся са студэнтамі Папскіх калегіумаў Рыма


Раніцай 16 сакавіка 2018 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі семінарыстаў і святароў, якія вучацца ў Папскіх калегіумах і ўніверсітэтах Рыма. Падчас сустрэчы ён адказаў на пяць іх пытанняў адносна фармацыі і духоўнасці будучых святароў.

На пытанне французскага семінарыста, як сумяшчаць прэзбітэрскае служэнне з пакорай паслядоўнікаў і місіянераў, Францішак адказаў вельмі проста: святар, сказаў ён, павінен быць чалавекам у няспыннай хадзе, чалавекам, які слухае і які ніколі не бывае самотным. Ён павінен з пакорай усвядоміць, што мае патрэбу ў суправаджэнні.

Другой жыццёва неабходнай якасцю для святароў Святы Айцец назваў разважлівасць – яна дапамагае зразумець, як рухацца наперад, што ідзе добра, а што не. Адказваючы на другое пытанне, агучанае семінарыстам родам з Судана, Папа патлумачыў, што разважлівасць павінна праяўляцца ў малітве, перад абліччам Бога, і ў супастаўленні сябе з іншым, кіраўніком, здольным слухаць і даваць пэўныя жыццёвыя арыенціры. Без разважлівасці святарскае жыццё напаўняецца суровасцю і казуістыкай, перасцярог Пантыфік і параіў суразмоўцам заўсёды мець у якасці суправаджальніка па жыцці Духа Святога.

Мексіканскі святар пацікавіўся ў Францішка, як захаваць унутраную раўнавагу на працягу ўсяго жыцця, і пачуў у адказ пра патрэбу ў добрай чалавечай фармацыі семінарыстаў. Яны павінны быць гуманнымі, здольнымі радавацца разам з іншымі, жартаваць, моўчкі слухаць хворага, суцяшаць. Трэба быць бацькамі, а не проста “працаўнікамі культу”, запэўніў Францішак.

Амерыканскі дыякан спытаўся пра галоўныя рысы духоўнасці дыяцэзіяльнага святара, які не зыходзіць з вучэння пэўнага заснавальніка. Папа ж сказаў, што дастаткова клапаціцца аб добрых стасунках з уласным біскупам, братамі ў святарстве і з вернікамі сваёй парафіі, каб стаць сапраўды святымі.

Нарэшце, філіпінскі святар задаў пытанне адносна працэсу пастаяннай фармацыі святароў, на што Пантыфік параіў займацца сваім чалавечым ростам, пастырскай і духоўный падрыхтоўкай, фармацыяй у супольнасці. Ён падкрэсліў, што пастаянная святарская падрыхтоўка нараджаецца з усведамлення ўласнай слабасці, сваіх абмежаванняў. Францішак запрасіў семінарыстаў пагружацца ў сучасную культуру, цікавіцца новымі тэхналогіямі, рыхтавацца супрацьстаяць спакусам і асцерагацца ганарыстасці, прагі грошай, улады і камфорту.








All the contents on this site are copyrighted ©.