cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Падарожжы і візіты

Францішак: не захапляцца св. Піо, а наследаваць яго

Папа: не захапляцца св. Піо, а наследаваць яго - AP

17/03/2018 14:04

Не толькі захапляцца жыццём Айца Піо з Петрэльчыны, але наследаваць яго ў даверлівай малітве, служэнні бедным і сустрэчы з Богам у канфесіянале, заклікаў Папа падчас Эўхарыстыі, якую ўзначаліў 17 сакавіка 2018 г. ў Сан-Джавані-Ратонда – італьянскім мястэчку, дзе святы ажыцяўляў пастырскае служэнне і куды прыбываюць тысячы вернікаў, каб маліцца ля яго рэліквій. У гаміліі Папа звярнуў увагу на тры важныя аспекты хрысціянскага жыцця: малітву, пакору і мудрасць. 

Нават для Езуса малітва не была чымсьці “апцыянальным”: дыялог з Айцом быў для Яго “на першым месцы”. Калі хочам наследаваць Езуса трэба, пачынаць з таго, з чаго пачынаў Ён, гэта значыць з малітвы, заклікаў Святы Айцец.

“Мы можам спытаць сябе: ці мы, хрысціяне, дастаткова молімся? Падчас малітвы ў галаву нярэдка прыходзяць розныя апраўданні, шматлікія неадкланыя справы... Часам здараецца так, што малітва ўвогуле адкладаецца, бо мы паддаемся пэўнаму “актызізму”, які з’яўляецца бескарысным, калі занядбоўваецца “лепшая частка”, калі забываем, што без Яго не можам рабіць нічога”, - падкрэсліў Пантыфік і нагадаў пра важнасць адарацыі і праслаўлення Бога, дзякуючы чаму малітва становіцца больш сталай.

Паводле Папы, малітва для верніка не павінна ператварыцца ў падабенства “экстранага званку” да Бога ці “транквілізатару, дозы якога трэба прымаць рэгулярна, каб мець крыху палёгкі падчас стрэсу”. “Не! Малітва – гэта жэст любові, гэта прабыванне з Богам і ўзнясенне да Яго праблем свету: справа духоўнай міласэрнасці з’яўляецца неад’емнай! Калі мы не будзем давяраць братоў і розныя сітуацыі Пану, хто гэта зробіць?”, - спытаў Папа і нагадаў, што кіруючыся такім мысленнем св. Айцец Піо ствараў малітоўныя групы.

Гаворачы аб важнасці пакоры, Францішак нагадаў, што Бог пажадаў адкрыць Нябеснае Валадарства самым малым, бо яны маюць здольнасць прыняць яго, не лічаць сябе самадастатковымі, маюць “пакорнае, адкрытае, беднае, патрабуючае сэрца”. Сэрца гэтых малых як “антэна”, якая ловіць Божы сігнал і адразу прымае яго, у адрозненні ад людзей, якія лічаць сябе вялікімі і не маюць месца для Пана ў сваім жыцці.

Спасылаючыся на свой візіт у дзіцячае анкалагічнае аддзяленне мясцовай бальніцы, Папа заўважыў, што ў гэтым “асаблівым санктуарыі” знаходзяцца Божыя “выбранцы”, у якіх і мы самі можам шукаць і знайсці Бога. Хто клапоціцца пра малых “стаіць на баку Бога і перамагае культуру адчужэння, якая наадварот, аддае перавагу моцным і лічыць непатрэбнымі бедных”, сказаў Пантыфік і з жалем заўважыў, што ў сучасных грамадствах так ставяцца да людзей, якія не прыносяць прыбытку.

Францішак заклікаў наследаваць мудрасць св. Айца Піо, якая заключаецца ў тым, каб перамагаць зло пакорай, паслухмянасцю, крыжам, дабром і ахвяраваннем пакут у любові, натхнёнай верай. Многія захапляюцца гэтым святым, але нямногія яго наследуюць. “Многія гатовы “лайкаць” старонкі прысвечаныя святым, але хто робіць як яны?”, - спытаў Пантыфік і падкрэсліў, што хрысціянскае жыццё заключаецца не ў захапленні жыццём святых, але ў дары ўласнага жыцця. Толькі так яно можа набыць цудоўны водар, дадаў ён.

Шлях мудрасці, якому вучыць св. Піо, паводле Папы, заключаецца ў сустрэчы з Богам, які збаўляе і прабачае ўсіх. “Св. Піо ахвяраваў жыццё і незлічоныя пакуты, каб дапамагчы братам сустрэцца з Панам”, спавядаючы ў канфесіянале. Ён і сёння заклікае вернікаў прыйсці да Бога, Які чакае і прагне адарыць міласэрнасцю, падкрэсліў Францішак.

Літургія ў Сан-Джавані-Ратонда стала апошнім пунктам візіту Пантыфіка на радзіму Айца Піо, якая была прымеркавана да 100-годдзя з’яўлення ў яго стыгматаў і 50-годдзя з дня яго смерці. Пасля заканчэння св. Імшы Папа на верталёце вылецеў у Ватыкан.


17/03/2018 14:04