2018-03-17 10:55:00

Пантыфік у Петрэльчыне: жыць духоўнай спадчынай св. Піо


Францішак прыбыў у Петрэльчыну – невялікае мястэчка на поўдні Італіі, дзе 25 мая 1887 г. нарадзіўся Франчэска Фарджонэ, больш вядомы як Айцец Піо – капуцын, містык і адзін з самых славутых каталіцкіх святых ХХ стагоддзя. 

Верталёт з Папам па борце вылецеў з Ватыкана раніцай 17 сакавіка 2018 г., а каля 8.00 па цэнтральнаеўрапейскім часе прызямліўся недалёка ад невялічкай капліцы св. Францішка Асізскага ў ваколіцах Петрэльчыны, дзе св. Піо праводзіў шмат часу на малітве яшчэ будучы дзесяцігадовым хлопчыкам. Менавіта з гэтага месца Пантыфік пачаў свой візіт на радзіму святога. У капліцы ён памаліўся некалькіх хвілін у адзіноце.

На бліжэйшай плошчы цягам ночы чувалі тысячы вернікаў. Папа асабіста прывітаў шматлікіх прысутных тут хворых і пажылых людзей, дзяцей, моладзь, мігрантаў і простых мясцовых жыхароў, якія былі глыбока крануты прысутнасцю Наступніка св. Пятра ў іх невялікім гарадку. Францішак стаў першым Папам у гісторыі, які здзейніў сюды візіт.

У прамове Пантыфік нагадаў пра жыццёвы і духоўны шлях св. Піо, “пабожнага сына”, якія заўсёды адчуваў “мацярынства Касцёла” і вучыўся “распазнаваць у бедных цела Пана”. Ён любіў святы Касцёл з усімі яго праблемамі і бедамі, з усімі нашымі грахам. “Любіў Касцёл з яго дзецьмі-грэшнікамі”, - падкрэсліў Папа.

Францішак прыгадаў пра духоўныя змаганні, якія ў 1911 г. італьянскі містык перажываў менавіта ў Петрэльчыне. “У тыя страшныя дні Айцец Піо чэрпаў сілы з нястомнай малітвы і даверу, які заўсёды пакладаў на Пана”, - сказаў Папа і дадаў, што менавіта тады законнік атрымаў асаблівыя містычныя дары, якія папярэднічалі з’яўленню на яго целе стыгматаў.

“Гэты пакорны брат-капуцын здзівіў увесь свет сваім жыццём, якое было цалкам прысвечана малітве і цярпліваму слуханню братоў, на пакуты якіх ён, як алей выліваў Хрыстовую любоў”, - сцвердзіў Святы Айцец. Папа заклікаў вернікаў таксама станавіцца прыладамі Божай любові, асабліва да самых слабых, захоўваць вернасць Касцёлу і сведчыць аб еднасці, бо толькі ў еднасці можна будаваць і ствараць.

“Гарадок, дзе штодзённа вядуцца спрэчкі, не расце, не будуецца, а палохае людзей, такі гарадок – хворы! Няхай будзе мір і адзінства паміж вамі... Калі ў кагосьці з вас узнікне жаданне папляткарыць – прыкусіце язык, гэта будзе карысна для вашай душы, нават калі язык распухне, гэта будзе карысна, у тым ліку для гарадка...”, - параіў Францішак.

Паводле Папы, жыццёвы прыклад св. Піо з’яўляецца актуальным для сучаснай сітуацыі гэтага рэгіёна. “Няхай заступніцтва вашага святога суайчынніка падтрымлівае імкненне да аб’яднання сіл, каб асабліва маладым пакаленням забяспечыць канкрэтныя перспектывы на будучыню надзеі. Няхай не будзе недахопу ў клапатлівай і поўнай ласкавасці ўвазе да пажылых людзей, якія з’яўляюцца непараўнальным багаццем нашых грамадстваў”, - адзначыў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў жыхароў Петрэльчыны сцерагчы каштоўны скарб хрысціянскага і святарскага сведчання св. Піо. “Няхай яно будзе для кожнага з вас стымулам, каб весці поўнае жыццё, у стыле благаслаўленняў і ўчынкаў міласэрнасці”, - заклікаў Папа на заканчэнне сваёй прамовы, пасля чаго накіраваўся ў Сан-Джавані-Ратонда, дзе св. Айцец Піо ажыцяўляў сваю душпастырскую дзейнасць.








All the contents on this site are copyrighted ©.