2018-03-19 10:59:00

Францішак у новай кнізе: моладзь і пажылыя – надзея свету


“Чалавек маладога ўзросту мае штосьці ад прарока і павінен разумець гэта. Павінен усведамляць, што мае крылы прарока, паставу прарока, здольнасць прарочыць праз словы і ўчынкі”, - падкрэсліў Францішак у сваёй новай кнізе “Бог – малады”, урыўкі з якой 19 сакавіка 2018 г., за дзень да яе афіцыйнай прэзентацыі, апублікавалі некаторыя буйныя італьянскія газеты: “Сorriere della sera”, “La Repubblica”, “La Stampa” і “Avvenire”.

На старонках выдання Пантыфік адказвае на пытанні журналіста і пісьменніка, 32-гадовага Томаса Леанчыні – аўтара інтэрв’ю з многімі вядучымі дзеячамі палітыкі, эканомікі і кіно. Як паведамлялася раней, кніга прымеркавана да Сусветнага дня моладзі, які адзначаецца ў Пальмовую нядзелю і сёлета будзе папярэднічаць Сіноду Біскупаў, падрыхтоўчая сустрэча да якога праходзіць у гэтыя дні ў Рыме.

Папа падкрэсліў, што дыялог з моладдзю патрабуе “мабільнасці” ад дарослых, каб юнакі і дзяўчаты самі вырашылі крыху спыніцца і паслухаць іх. Сустрэча паміж пакаленнямі можа адбыцца, калі моладзь запаволіць крок, а пажылыя пачнуць крочыць крыху хутчэй. Намаганні павінны быць з абодвух бакоў, перакананы Святы Айцец.

Паводле Францішка, дарослыя, будуючы грамадства, якое пазбаўлена каранёў, пакідаюць без каранёў таксама і моладзь. Замест таго, каб дапамагаць юнакам і дзяўчатам станавіцца прарокамі дзеля дабра грамадства, яны ператвараюць моладзь у сірот або асобаў, адчужаных грамадствам, лічыць Папа.

“Мы павінны прасіць прабачэння ў нашай моладзі за тое, што не заўсёды ставімся да яе сур’ёзна. Не заўсёды дапамагаем ёй бачыць шлях і не даем тыя сродкі, якія маглі б дапамагчы ёй не стаць ахвярамі адчужэння. Часта мы не ведаем, як дазволіць моладзі марыць і запаліць яе энтузіязмам”, - з жалем адзначыў Францішак.

Святы Айцец падкрэсліў, што моладзь павінна мець стабільную працу, каб зарабляць грошы, неабходныя для стварэння і ўтрымання сям’і, каб станавіцца менш залежнай ад дарослых, а ў той жа час, важна накіроўваць маладых людзей, каб не былі апантаннымі сляпым жаданнем назапашвання багаццяў.

На думку Пантыфіка, усё гэта патрабуе разважлівасці і добрага прыкладу ад саміх дарослых. Нажаль, многія з іх аддаюць перавагу таму, каб заставацца падлеткамі на ўзроўні мыслення, вядуць эфімернае жыццё. Папа назваў такі падыход “д’ябальскімі гульнямі”, якія не дапамагаюць моладзі расці і робяць яе ахвярамі “культуры эфімернасці”.

Францішак падкрэсліў тэрміновую важнасць дыялога паміж пакаленнямі ў грамадстве, якое выкідае на ўзбочыну як маладых, так і пажылых людзей. Пажылыя павінны даць моладзі памяць і мары, а моладзь – прыняць гэта і несці ў будучыню. “Пажылыя летуценнікі і маладыя прарокі – гэта шлях збаўлення для нашага грамадства, пазбаўленага каранёў: два пакаленні, якія выкінуты на ўзбочыну, могуць збавіць усіх”, - адзначыў Папа.

Італьянскі арыгінал кнігі “Бог – Малады ” апублікаваны ў выдавецтве “Piemme”, якое належыць групе “Mondadori”. Яно таксама будзе кіраваць правамі на пераклад па ўсім свеце.








All the contents on this site are copyrighted ©.