2018-03-20 14:38:00

Папа: ключ да нашага збаўлення – наш позірк на крыж


У цяжкія моманты жыцця трэба глядзець на Укрыжаванага, рэкамендаваў Папа 20 сакавіка 2019 г. падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане. У сваёй гаміліі ён спаслаўся на першае чытанне Літургіі слова (Ліч 21, 4-9), якое кажа пра меднага змея, як знак выратавання.

Францішак нагадаў, што пакаранне выбранага народа ядавітымі змеямі было звязана з яго стаўленнем: падчас вандроўкі па пустыні ў абяцаную зямлю ізраільцяне “казалі супраць Бога”, забываючыся аб тым, што менавіта Пан вызваліў іх з рабства, якое працягвалася больш за 400 гадоў, карміў маннай і саранчой, даваў ваду. 

Пантыфік адзначыў, што падобным чынам захоўваюцца і людзі, якія прымаюць на сябе цяжар змены ўласнага жыцця, каб быць бліжэй да Бога, але ў нейкі момант задача здаецца занадта цяжкай і яны хочуць вярнуцца да таго, што было раней, як ізраільцяне, якія ўзгадваюць лук, часнык і мяса ў Егіпце. Але, як адзначыў Францішак, гэта “сум хворай памяці”, якая ігнаруе той факт, што гэта ўсё было “рабскім хлебам”.

“Гэта ілюзіі, якія прыносіць д’ябал: прымушае цябе бачыць прыгажосць таго, што засталося ззаду, ад чаго ты навярнуўся, робячы гэта ў момант дэпрэсіі ад паломніцтва, пакуль яшчэ не прышоў да абяцанага Панам. Гэта крыху падобна на шлях Вялікага посту – мы так думаем; або разумення жыцця як Вялікага посту: заўсёды існуюць выпрабаванне і суцяшэнне Пана, манна, вада, птушкі, якія сілкуюць нас... але тая ежа была лепшай. Не варта забывацца, аднак, што ты спажываў яе за сталом рабства”, - папярэдзіў Святы Айцец. 

Пантыфік адзначыў, што гэты досвед уласцівы ўсім нам, калі хочам ісці за Панам, але стаміліся. Ён заўважыў, што самым горшым, аднак, з’яўляецца тое, што людзі казалі дрэнна пра Бога, атручвалі душу нараканнем на Пана, сімвалам чаго сталі ядавітыя змеі.

Майсей, згодна з наказам Бога, зрабіў меднага змея і змясціў яго на жэрдзі. Гэта стала прадвесцем Хрыста на крыжы. Папа падкрэсліў, што ключом да нашага збаўленне з’яўляецца наш позірк на крыж, пранікненне ў раны Езуса, таму што ў іх наша ацаленне.

“Калі ты адчуваеш прыгнечанасць ці смутак, або, што тваё жыццё няўдалае, поўнае цяжкасцяў і нават хваробы, паглядзі на крыж”, - заклікаў Святы Айцец. Ён дадаў, што гаворка ідзе пра крыж сапраўдны, не прыаздоблены.

“Вучыце сваіх дзяцей глядзець на крыж і славу Хрыста. І пазней, у цяжкія моманты, у дрэнныя часы, атручаныя нашым унутраным расчараваннем Богам, паглядзім на раны. Хрыстус узнесены як медны змей (...). Няхай Божае слова вучыць нас сёння гэтаму шляху: углядацца ў крыж. Асабліва ў той час, калі, як Божы народ, мы замучаны падарожжам жыцця”, - сказаў Францішак, завяршаючы сваю гамілію.








All the contents on this site are copyrighted ©.