2018-03-22 14:57:00

Ватыканскі іерарх пра медыя-выклікі для Касцёла


“Калі Касцёл не будзе прысутнічаць у лічбачых СМІ, ён згубіць важную частку рэальнасці жыцця людзей. Таму ён павінен няспынна думаць аб тым, што значыць жыць у свеце, які змяняецца з культурнага пункту гледжання”, - падкрэсліў біскуп Пол Тай, сакратар Папскай рады па культуры, у інтэрв’ю аўстрыйскаму інфармацыйнаму агенцтву “Kathpress”. 

Ватыканскі іерарх ірландскага паходжання прыняў удзел у канферэнцыі “Хрысціянства і медыйнасць”, якая адбылася ў нямецкім Франкфурце-на-Майне. Свой даклад ён прысвяціў “місіі на лічбавым кантыненце”. На яго думку, абвяшчэнне Евангелля з’яўляецца дзяленнем дарам радасці з іншымі людзьмі, таму існуе патрэба ў паважлівым і міласэрным стылі камунікацыі. 

Паводле іерарха, вялікая колькасць людзей не разумее мовы Касцёла, часам празмерна сур’ёзнай і высокаінтэлектуальнай. Таму Касцёл павінна цікавіць, як яго ўспрымаюць вернікі. Яго прадстаўнікам трэба ўдзельнічаць у дэбатах на актуальныя тэмы, “замест адказаў на пытанні, якія ніхто не задае”, перакананы былы сакратар Папскай рады па сродках масавай камунікацыі.

На думку іерарха, фундаментальнай прыладай камунікацыі Касцёла з’яўляюцца людзі, якія жадаюць несці Добрую навіну, “аднак, калі чалавек “несапраўдны” і няшчыры, ніхто не будзе яго слухаць”. Біскуп Тай заўважыў, што душпастыры павінны задумвацца над пытанне выкарыстання сацыяльных СМІ ў сваім служэнні, але пры гэтым памятаць, што не кожны павінен размяшчаць відэазапісы сваіх гамілій на “Youtube”, і не кожны святар можа быць карыстальнікам “Twitter”.

Гаворачы аб досведзе пратэстанцкіх “мегацэркваў”, якія вельмі прафесійна карыстаюцца лічбавымі СМІ, ватыканскі іерарх пагадзіўся, што ў гэтых супольнасцяў можна нечаму павучыцца, але медыйны шум, які ўзнікае вакол іх, грунтуецца на эмоцыях, і гэта “не ёсць каталіцкі шлях”.








All the contents on this site are copyrighted ©.