cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Святы Пасад \ Падзеі і дакументы

Папскі прапаведнік: распаліць у чалавеку тугу па цнатлівасці

Папскі прапаведнік: распаліць у чалавеку тугу па цнатлівасці - ANSA

23/03/2018 12:49

Хрысціянскай чыстасці было прысвечана пятае велікапоснае казанне айца Раньера Канталамесы, прапаведніка Папскага дома, якое Францішак і супрацоўнікі Рымскай курыі пачулі раніцай 23 сакавіка 2018 г. у капліцы “Redemptoris mater” ватыканскага Апостальскага палаца. 

Капуцын спаслаўся на ўрывак з Паслання да Рымлянаў (13,12-14), у якім гучыць заклік адкінуць “учынкі цемры” – п’янства, распусту, разбэшчанасць, сваркі, зайздрасць, дагаджанне целу ў пажадлівасці, і апрануцца ў “зброю святла”, якой з’яўляецца чыстасць. 

Айцец Канталамеса заўважыў, што грэчаскае слова “porneia”, якое перакладаецца як “распуста” і ад якога паходзіць тэрмін “парнаграфія”, даслоўна азначае “прадаваць сябе”. Яго выкарыстанне на старонках Бібліі азначае, што ў кожным відзе распусты, а не толькі ў прастытуцыі, прысутнічае карысны аспект, продаж, нават, калі не дзеля грошай, то дзеля задавальнення, як самамэты. 

Законнік нагадаў, што распуста і выкарыстанне ўласнага цела для задавальнення не дазволена па простай прычыне: таму што мы больш не належым сабе, не з’яўляемся “нашымі”, але Езуса. Такім чынам, хрысціянская чыстасць заключаецца не столькі ва ўстанаўленні “панавання розуму над інстынктамі”, колькі “ў панаванні Хрыста над усёй асобай, з розумам і інстынктамі”. 

Папскі прапаведнік перакананы, што чыстасць грунтуецца не на “пагарджанні целам”, але на “вялікай павазе да яго годнасці”. Чыстасць – “гэта лад жыцця”, ён большы за асобную цноту і выходзіць за рамкі сексуальнай сферы, таму што тычыцца не толькі цела, але і сэрца, вуснаў, вачэй і позірку. “Адзіная мэта чыстасці і любові да бліжняга заключаецца ў тым, каб весці жыццё, якое будзе цэласным ва ўсіх яго адносінах: з Богам, самім сабой і бліжнімі”, - сказаў італьянскі капуцын.

Папскі прапаведнік нагадаў, што ў сучасным грамадстве секс узводзіцца ў культ. Ажыццяўляюцца спробы апраўдаць і даць маральны дазвол на любыя сексуальныя вычварэнні, калі толькі яны не тычацца насілля і не шкодзяць свабодзе іншага чалавека.

На яго думку, тое, што сёння называюць “сексуальнай рэвалюцыяй нашых дзён”, не з’яўляецца “проста рэвалюцыяй супраць мінулага, але, часта, рэвалюцыяй супраць Бога і нават супраць чалавечай прыроды”. Сексуальнасць больш не з’яўляецца мірнай – яна стала “двудушнай і небяспечнай сілай”, якая выступае “супраць Божага закона” і супраць “нашай уласнай свабоды”.

Штодзённыя скандальныя навіны, у тым ліку пра духавенства і кансэкраваных асоб, нагадаваюць аб гэтай “сумнай рэчаіснасці”. У сувязі з чым неабходна прыняць заклік Святога Духа і сведчыць перад светам “аб першапачатковай цнатлівасці стварэння”: каб “спыніць гэтыя адурманенасць і ап’янеласць сексам”, трэба “распаліць у чалавеку тугу па цнатлівасці і прастаце, якую ён у муках носіць ва ўласным сэрцы”, - падкрэсліў у сваім казанні прапаведнік Папскага дому.


23/03/2018 12:49