2018-03-23 14:02:00

Францішак прыняў Капітанаў-рэгентаў Сан-Марына


Святы Айцец Францішак прыняў 23 сакавіка 2018 г. на аўдыенцыі ў Ватыкане Капітанаў-рэгентаў Рэспублікі Сан-Марына, спадароў Матэа Фіарыні і Энрыка Каратоні. Пасля сустрэчы з Пантыфікам, кіраўнікі дзяржавы правялі перамовы з кардыналам Пьетра Паралінам, Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па сувязях Святога Пасаду з дзяржавамі.

Падчас шчырых размоў было выказана вялікае задавальненне канструктыўнымі адносінамі паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Сан-Марына і пацвержаны сумесныя намаганні па ўмацаванні двухбаковага супрацоўніцтва. Была дадзена станоўчая ацэнка ўкладу мясцовага Касцёла ў жыццё грамадства Сан-Марына, асабліва ў сацыяльнай і адукацыйнай сферах.

Увага звярталася на тэмы, якія ўяўляюць узаемны інтарэс. Гаворка ішла пра з’яву міграцыі, перспектывы і будучыню еўрапейскага праекта, а таксама міжнародную сітуацыю.

У Сан-Марына існуе рэспубліканская форма праўлення. Кіраўнікамі дзяржавы з’яўляюцца два Капітаны-рэгенты, якіх прызначае Вялікая Генеральная Рада. Яны абіраюцца на тэрмін 6 месяцаў і выконваюць функцыі кіраўнікоў дзяржавы, ажыццяўляючы выканаўчую ўладу. У сваю чаргу Вялікая Генеральная Рада з’яўляецца парламентам Рэспублікі і складаецца з 60 дэпутатаў, якія выбіраюцца ўсеагульным галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.