2018-03-24 12:00:00

Папа да моладзі: сябруйце з Панам праз малітву і сакрамэнты


Шукаць сяброўства з Хрыстом у малітве, сакрамэнтах, ва ўсіх абставінах жыцця і ў людзях навокал, заклікаў Францішак удзельнікаў юбілейнага пяцідзесятага “UNIV” – Кангрэсу студэнтаў навучальных устаноў, якія працуюць пад апекай Персанальнай прэлатуры “Opus Dei”. Яны традыцыйна збіраюцца на Вялікім тыдні ў Рыме.

У сваім звароце Папа заўважыў, што бягучыя дні з’яўляюцца “выдатнай магчымасцю сустрэчы з Хрыстом”. Маладыя людзі паходзяць з розных культур і маюць розны досвед, але іх ажыўляе тое ж імкненне “да шчасця, поўні і шчодрай адданасці”.

Святы Айцец нагадаў, што сёлетняя сустрэча адбываецца ў год правядзення Сіноду Біскупаў, прысвечанага моладзі. Ён заклікаў выхаванцаў “Opus Dei” зрабіць свой уклад у асамблею, дадаўшы, што прыкладам тут можа паслужыць св. Ян – самы малады апостал, якога любіў Езус, і якому даверыў Марыю як нашу Маці. “Ён нас навучыць распазнаваць Езуса, Які праходзіць праз наша жыццё, і ісці за Ім з стараннасцю і з той радасцю, што напаўняе сэрца і ўсё жыццё тых, хто сустракаецца з Езусам”, - заўважыў Пантыфік.

Ён падкрэсліў, што Хрыстус заклікае ўсіх ісці за ім з радасцю і безумоўна любіць Бога і людзей. “Не спыняйцеся і кожны дзень культывуйце сваё пачуццё сяброўства з Хрыстом, часта пытаючыся сябе: “Што б зрабіў Езус на маім месцы? Што магу зрабіць я, каб больш падабацца Яму і прынесці Яго іншым” - звярнуўся Францішак.

Папа заахвоціў маладых людзей выходзіць “за межы сябе”, пераадольваць ляноту і эгаізм, перастаць думаць толькі пра сябе, устаць на шлях служэння сваімі здольнасцямі тым, хто знаходзіцца ў патрэбе. “Гэта самы лепшы спосаб ісці за Хрыстом і мець любячае Яго сэрца”, - сказаў ён.

50-ы кангрэс “UNIV” пачнецца 25 сакавіка 2018 г. і працягнецца да Вялікадня – да 1 красавіка. У ім прымуць удзел больш за 2,5 тыс. маладых людзей з больш чым 100 універсітэтаў па ўсім свеце. Сёлетняя тэма – “Пераасэнсаваць будучае”. Першая такая сустрэча адбылася ў 1968 г. па ініцыятыве св. Хасэ Эскрыва, заснавальніка “Opus Dei”.

Падчас цяперашняга кангрэса ўдзельнікі перададуць Пантыфіку сродкі, сабраныя імі для падтрымкі дабрачынных праектаў, і ўручаць яму мазаіку Панны Марыі Маці Касцёла, прызначаную для хрысціян Сірыі. У сераду, 28 сакавіка 2018 г., маладыя людзі прымуць удзел у агульнай аўдыенцыі са Святым Айцом.








All the contents on this site are copyrighted ©.