cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Касцёл \ Касцёл у Беларусі

Перадсінадальная сустрэча вачыма ўдзельніцы з Беларусі

Перадсінадальная сустрэча вачыма ўдзельніцы з Беларусі - RV

24/03/2018 12:40

24 сакавіка 2018 г. завяршаецца перадсінадальны моладзевы форум, мэта якога – абагульніць праблемы, пытанні, новыя ідэі і прадставіць кастрычніцкаму Сіноду Біскупаў погляд моладзі на ўсё, што датычыць развіцця Касцёлу ў свеце. 

У Рыме сабраліся больш за 300 чалавек з розных краін. Вернікі розных культур, нацыянальнасцяў, моўных груп, але з адным імкненнем: удыхнуць новае ў жыццё Касцёла, забяспечыць яго будучыню, якая – за моладдзю, упэўнена дэлегат з Беларусі – мінчанка Кацярына Адамчык.

А пачаць трэба з сябе, з Касцёла мясцовага, лічыць яна, у першую чаргу – акрэсліць месца маладых людзей у Касцёле; а яны сёння хочуць быць не простымі назіральнікамі, а актыўнымі ўдзельнікамі рэлігійнага жыцця. “Насамрэч, моладзь не ведае, дзе яе месца. Мы маем шмат актыўных моладых людзей, але сёння, што для іх ёсць – хор, нейкія сустрэчы, але няма канкрэтнага месца, дзе моладзь была б галоўнай часткай Касцёла. Я лічу, што Касцёл павінен больш увагі ўдзяляць моладзі і мабалізаваць яе, паказаць, што ён адкрыты на маладых і што яны заўсёды будуць запатрабаванымі”, - адзначыла дзяўчына ў інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Нягледзячы на рознасць думак і поглядаў, удзельнікі сустрэчы лёгка знайшлі супольную мову і акрэслілі агульныя для ўсіх краін праблемы. Галоўная з іх – уплыў мас-медыя. Пошук ідэалаў у інтэрнэце, жаданне за імі ісці, залежнасць ад сацыяльных сетак – гэта хвароба без мяжы і нацыянальнасці. Яшчэ адна – так званае раздваенне асобы. Малады вернік сёння пражывае адразу некалькі жыццяў, упэўнена Кацярына Адамчык. “Ён адчувае сябе ў Касцёле адным, а калі выходзіць адсюль – зусім іншым. Моладзь не сведчыць сваёй прыналежнасці да хрысціянства, бо баіцца, што іншыя не прымуць яе мерваканняў. Таму і пражывае тры жыцці: касцёльнае, свецкае і віртуальнае”, - патлумачыла Кацярына. 

Акрамя заўваг, у моладзі шмат прапаноў, якія тычацца духоўнай адукацыі, уключэння ў рэлігійнае жыццё. Усе пазіцыі знайшлі адлюстраванне ў выніковым дакуменце сустрэчы. Удзельніца з Беларусі спадзяецца, што ў будучыні і на праблемы, блізкія беларускай моладзі, біскупы звернуць увагу. “У Беларусі, на жаль, не хапае святароў, такая праблема існуе. У іх шмат абавязкаў. У гэтай сітуацыі, я лічу, што можна было б дапусціць свецкіх асоб да душпастырства. Гэта дапаможа не згубіць маладое пакаленне, якое з’яўляецца базай Касцёла; бо калі мы страцім яго, мы страцім Касцёл увогуле”, - разважае дэлегат ад Беларусі на перадсінадальным форуме.

Сёння, пасля завяршэння падрыхтоўчай сустрэчы, можна сцвердзіць, што касцёльная моладзь у розных краінах перажывае шмат аднолькавых праблем, а яе арганізацыя сведчыць аб тым, што голас моладзі гучыць і абавязкова будзе пачуты.


24/03/2018 12:40