cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Гаміліі

Пантыфік: калі старэйшыя маўчаць, моладзь павінна крычаць

Пантыфік: калі старэйшыя маўчаць, моладзь павінна крычаць - AP

25/03/2018 12:53

Спробы прымусіць моладзь замаўчаць, звязаныя з імкненнем маніпуляваць імі, лічыць Францішак. 25 сакавіка 2018 г. на плошчы св. Пятра ён узначаліў літургію Пальмовай нядзелі. Яна праходзіла ў 33-ці Сусветны дзень моладзі, што адзначаецца на дыяцэзіяльным узроўні, і была звязана з перадсінадальнай сустрэчай маладых людзей з усяго свету, якія ўвесь гэты тыдзень праводзілі нараду ў Рыме. Папа заклікаў вернікаў быць голасам Хрыста, які ніхто не падавіць. 

У сваёй гаміліі ён, перш за ўсё, падкрэсліў незвычайны характар сённяшняй літургіі, якая вядзе ад “Гасанна” да “укрыжуй Яго”. Яна адлюстроўвае гісторыю радасці і смутку, поспехаў і памылак, супярэчнасці людзей, здольных да вялікай любові, але і да нянавісці. Пантыфік адзначыў, што радасць, якую абуджае Езус, з’яўляецца для некаторых прычынай раздражнення. Ён адзначыў, што ў радасці натоўпу, вітаючага Хрыста, можна адчуць радасць многіх грэшнікаў, якія атрымалі прабачэнне і знайшлі надзею і ўпэўненасць у сабе.

Францішак таксама падкрэсліў негатыўнае стаўленне да Хрыстовай радасці з боку людзей, якія лічацьсябе праведнікамі і вернымі закону і загадам рытуалу. “Як цяжка падзяляць радасць тым, хто давярае толькі сваім сілам і адчувае сябе лепшым, чым іншыя”, - сказаў прапаведнік. Ён дадаў, што менавіта адсюль бярэцца крык “укрыжуй Яго”, і заклікаў глядзець на крыж праз прызму ўсіх гэтых галасоў, каб падумаць пра тое, што бачыць наша сэрца. Ці з’яўляецца Езус па-ранейшаму прычынай радасці і падзякі ў нашым сэрцы, ці мы саромеемся Яго прыярытэтаў адносна грэшнікаў, апошніх і забытых? - спытаў Папа.

“Дарагія маладыя людзі, радасць, якую Езус абуджае ў вас, для некаторых з’яўляецца прычынай прыкрасці і раздражнення, паколькі моладдзю цяжка маніпуляваць”, - адзначыў Францішак. Ён падкрэсліў, што заўсёды існуе жаданне прымусіць моладзь замаўчаць, каб не рабіла “мітусні”, не задавала сабе пытанняў, не думала пра сябе.

“У гэтую Пальмовую нядзелю, калі мы адзначаем Сусветны дзень моладзі, цудоўна чуць адказ Езуса фарысеям, учарашнім і сённяшнім: “Кажу вам, калі яны змоўкнуць, дык камяні закрычаць” (Лк 19,40). Дарагія маладыя людзі, ад вас залежыць рашэнне пачаць крычаць; ці рашыцеся на нядзельнае “Гасанна”, каб не прыйсці да пятнічнага “укрыжуй Яго”... і залежыць толькі ад вас, ці не застанецеся маўкліва стаяць. Калі іншыя маўчаць, калі мы старэйшыя і адказныя маўчым, калі свет маўчыць і губляе радасць, я вас пытаюся: Ці будзеце вы крычаць? Калі ласка, вырашыце, перш чым камяні закрычаць”, - завяршыў сваю гамілію Святы Айцец.


25/03/2018 12:53