2018-03-25 15:07:00

Святы Айцец: смела сведчыць аб евангельскіх каштоўнасцях


Cёння вельмі патрэбныя людзі, якія могуць смела сведчыць аб маральных каштоўнасцях, атрыманых з Евангелля, сказаў Францішак 24 сакавіка 2018 г. у Ватыкане прадстаўнікам Аўтаномнай правінцыі Трэнта. Ён выказаў падзяку за іх прысутнасць, што ён назваў глыбокім сведчаннем пабожнасці і адданасці мясцовага насельніцтва Пантыфіку.

Святы Айцец таксама падзякаваў сваім гасцям за 20-гадовае “шчодрае супрацоўніцтва са Святым Пасадам, у прыватнасці з Губернатаратам Дзяржавы Ватыкан”, і за “рознага роду дзейнасць і ініцыятывы”. У гэтай сувязі ён узгадаў шматлікія асацыяцыі, арганізацыі і сем’і з італьянскай Аўтаномнай правінцыі і павітаў іх сардэчна.

“Хачу ўмацаваць вас у далейшым жаданні бараніць культуру гасціннасці і прыкладу адкрытага і братэрскага жыцця, у адпаведнасці з нашай годнасцю, як дзяцей Божых. Няхай вашы сем’і будуць “хатнім Касцёлам”, пабудаваным на падмурку Слова Езуса, любові да Касцёла і служэння жыццю. Такім чынам яны стануць школай чалавечых і хрысціянскіх каштоўнасцяў для новых пакаленняў. Шчодра сейце насенне евангельскай любові там, куды вас пакліча Божы Провід”, - сказаў Францішак прадстаўнікам Правінцыі Трэнта.








All the contents on this site are copyrighted ©.