2018-03-26 15:44:00

У Ватыкане выйшаў даведнік па Усходніх Каталіцкіх Цэрквах


Пантыфіку ўручылі новае выданне даведніка па Усходніх Каталіцкіх Цэрквах. Публікацыя “Oriente Cattolico” прымеркавана да 100-годдзя з дня заснавання Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў.

Папярэдняе выданне датуецца аж 1974 г. Праз амаль 45 гадоў адбылося “пераасэнсаванне эклезіялагічных катэгорый і абнаўленне гістарычнага профілю” усходне-каталіцкіх супольнасцяў. У выданні прадстаўлены бібліяграфічныя спасылкі, у яго быў уключаны картаграфічны раздзел, які дэманструе прысутнасць усходніх католікаў на ўсіх кантынентах. 

Стваральнікі трохтомнага Даведніка спадзяюцца, што ён стане інструментам для глыбейшага пазнання ўсходняга хрысціянства і пытанняў, звязаных з ім. Ён даступны таксама ў электроннай версіі ў фармаце “кindle”. З ім можна азнаёміцца і на спецыяльным інтэрнэт-партале www.orientecattolico.com.

Прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, кардынал Леанарда Сандры выказаў спадзяванне, што публікацыя стане для епархій, парафій і навучальных устаноў магчымасцю для вывучэння і рэфлексіі багатай спадчыны веры, культуры і велізарных пакут хрысціянскага Усходу.

У першыя тыдні пасля Вялікадня Даведнік стане даступны ў розных фарматах, будуць арганізаваны яго прэзентацыі, заявілі ў ватыканскай Кангрэгацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.