cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Грамадства \ Сям'я і моладзь

“Via Crucis” у Калізеі вачыма сучаснай моладзі

“Via Crucis” у Калізеі вачыма сучаснай моладзі - AFP

26/03/2018 14:00

Францішак сёлета даручыў моладзі падрыхтаваць разважанні да Крыжовага Шляху ў Калізеі. У іх маладыя людзі ў форме размовы з Езусам ставяць свае пытанні пра сённяшні свет – гэта іх асабістая сустрэча з Хрыстом. 14 станцый праецыруюцца на нашыя дні. Аўтараў, 12 дзяўчын і 3 хлопцаў, сабраў разам Андрэа Монда, выкладчык рэлігіі, журналіст і пісьменнік. Тэкст разважанняў да набажэнства быў апублікаваны ў Ватыкане. 

Тое, як Езус прымае крыж, павінна навучыць нас успрымаць сур’езна тое, што прапануе жыццё, кожную магчымасць, якую дае. Трэба прайсці ўвесь шлях да мэты, паколькі там заўсёды ёсць нешта большае, чым здаецца, – такая думка гучыць у першых стацыях. У падзенні Езуса ў трэцяй станцыі аўтары “Via Crucis” прапануюць заўважыць адлюстраванне сапраўднага прыніжэння, але і матывацыю ісці наперад, паколькі няўдачы ніколі не павінны спыніць нашага падарожжа. Эпізод з Сымонам Кірэнэйцам з’яўляецца прыкладам “нечаканай сустрэчы”, за якой хаваецца “магчымасць любіць і лепш пазнаць бліжняга”.

Сёлетнія медытацыя маюць на мэце паказаць здольнасць сучаснай моладзі глыбока ўспрымаць свет. У малітве да сёмай стацыі гучыць зварот да Езуса: “Дапамажы, каб мы, маладыя людзі, маглі несці ўсім Тваю вестку пакоры, каб будучыя пакаленні расплюшчылі вочы на Цябе і ведалі, як зразумець Тваю любоў”. У восьмай стацыі гучыць заклік да шчырасці слоў, што важна ў сучасным свеце, дзе пануе крывадушнасць і “фільтрацыя” праўды.

Пазбаўленне Хрыста адзення маладыя людзі суадносяць з сучаснай драмай мігрантаў. Але ніхто не можа пазбавіць чалавека годнасці; яна нібы знаходзіцца пад скурай, з’яўляецца часткай цябе, заўсёды будзе з табой, заўважыла аўтар дзесятай стацыі.

Усё, што робіць Езус падчас Крыжовага шляху, гэта ўрок для сучаснасці. Ён паказаў прыклад нясення крыжа ў сітуацыі, калі ў цябе не вераць і асуджаюць за твае нязручныя словы. Сучасны чалавек не зносіць крытыкі; ён вядзе сябе так, як калі б кожнае слова было вымаўлена для прычынення яму болю, адзначаецца ў адзінаццатай стацыі. Езуса не спыніла нават смерць. Ён глыбока верыў у сваю місію і бясконца давяраў Айцу, быў моцны ў сваёй слабасці. І найбольш гэта праявілася ў прабачэнні. “Я гляджу вакол і бачу вочы, сканцэнтраваныя на экране тэлефона, пагружаныя ў сацыяльных сетках для пошуку кожнай памылкі іншых без магчымасці прабачэння”, - піша адна з аўтараў.

Паміранне Езуса выклікае разгубленасць, паколькі інстынктыўна мы бяжым ад смерці і пакут, адпрэчваем іх, аддаем перавагу глядзець у бок або заплюшчваць вочы, гаворыцца ў разважанні да дванаццатай стацыі. Таямніца смерці працягвае турбаваць нас, кідае нам выклік, запрашае расплюшчыць вочы, каб быць у стане бачыць любоў Бога нават у смерці. 

Аўтар апошняй стацыі ставіць непазбежнае пытанне, якое гучыць ля магілы: “Куды ты знік, Езус?”. І тут жа адказвае на яго: Ён знаходзіцца ўнутры нас, у нашым смутку, бо Збаўца набліжаецца да кожнага чалавека, і таму трэба не дазволіць нашым трывогам і страхам заглушыць Яго прысутнасць.

Першы Крыжовы шлях у Калізеі прайшоў у 1750 г., калі Бэнэдыкт XІV абвясціў рымскі амфітэатр месцам асаблівага ўшанавання пакутаў Хрыста і ахвяры хрысціянскіх мучанікаў. Правядзенне набажэнства перарвалася ў 1870 г., у сувязі з захопам Рыма італьянскімі войскамі, і аднавілася ў 1964 г. па ініцыятыве Паўла VI.


26/03/2018 14:00