cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Касцёл \ Касцёл у Беларусі

Беларусь: пытанне новых дыяцэзій патрабуе абмеркавання

Беларусь: пытанне новых дыяцэзій патрабуе абмеркавання - RV

27/03/2018 14:34

Падчас перадпасхальнай сустрэчы з журналістамі 27 сакавіка 2018 г. арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч падвёў вынікі гістарычнага візіту “Ad limina” беларускіх біскупаў у Рым. 

Іерарх прызнаўся, што магчымасць здзяйснення культу замежнымі святарамі, якія прыязджаюць у Беларусь у госці ці на мерапрыемствы, гэта першая з акцэнтаваных у Ватыкане мясцовых праблем. Духавенства з-за мяжы зараз часта карыстаецца бязвізавым рэжымам, але пры гэтым павінна шмат часу чакаць дазволу на цэлебрацыю св. Імшы, паколькі гэтага патрабуюць адпаведныя дзяржаўныя органы, нагадаў арцыбіскуп Кандрусевіч. Пытанне трэба вырашаць у хуткім парадку, бо ад гэтага губляе імідж краіны, упэўнены ён. 

Абмяркоўвалі ў Ватыкане і з’яўленне ў Беларусі новых дыяцэзій. Перспектыву Мітрапаліт пракаментаваў так: “Пытанне абмяркоўвалася. Калі хтосьці ў Італіі спытаецца, якая тэрыторыя ў нашых дыяцэзій, мы кажам сотні кіламетраў, і яны здзіўляюцца. Таму што трэба даехаць і ўсё паспець. Таму да прапановы ў Ватыкане аднесліся вельмі сур’ёзна, аднак, гэта справа не сённяшняга дня, але яна вывучаецца. Калі будзе больш дыяцэзій, будзе больш біскупаў. Мы так мяркуем, што гэта пытанне магло б датычыць такіх адносна далёкіх ад сталіцы месц як Магілёў, Гомель, магчыма, Гродзенская дыяцэзія, вялікая па колькасці вернікаў. Мы сведчылі аб патрэбе такіх рэформ, а далей вырашаем не мы, а Ватыкан”. 

Амаль тыдзень у пачатку года беларускія біскупы прысвяцілі традыцыйнай справаздачы. Дзякуючы сустрэчам з Папам і ў дыкастэрыях быў атрыманы новы імпульс для далейшага развіцця, лічыць старшыня беларускага епіскапату.

“Я ўжо не першы раз здяйсняў візіт “Ad limina”. Ёсць змены ў адносінах кангрэгацый, нават сутнасныя. Нам казалі: мы – для вас, мы служым вам, мы хочам дапамагчы вам, адказаць на пытанні, калі яны ёсць. Не дыктат, а служэнне. Гэта рэалізацыя лініі папы Францішка, які кажа, што ватыканскія дыкастэрыі павінны працаваць дзеля дапамогі мясцовым Касцёлам. Асабліва важным было спатканне з папам Францішкам. Яно адбывалася ў іншым фармаце, чым дагэтуль. Раней Пантыфікі сустракаліся з кожным біскупам асобна, а зараз з усімі разам. Адбылося прадстаўленне спраў, а потым пачаўся дыялог. Я б сказаў двума словамі – гэта было спатканне бацькі з сваімі дзецьмі”, - узгадаў іерарх. 

Падчас візіту біскупы чарговы раз запрасілі Папу ў Беларусь. Вядома, што і Прэзідэнт Беларусі запрашаў яго наведаць краіну. Пантыфік адказаў, што ў сёлета вельмі насычаны графік, але не выключыў магчымасці візіту ў будучыні. 

Восенню Францішак будзе вельмі блізка ад беларускай мяжы. У верасні ён здейсніць балтыйскае падарожжа, і ў кожнага беларускага верніка будзе магчымасць далучыцца да гэтай падзеі. “22-23 верасня Папа будзе ў Вільнюсе і Каўнасе. 22 верасня на плошчы ў літоўскай сталіцы адбудзецца спатканне з моладзю, а 23 – у Каўнасе Францішак будзе цэлебраваць св. Імшу. Гэта адбудзецца ў тым жа месцы, дзе 25 гадоў таму літургію ўзначаліў Ян Павел ІІ. Я знаходжуся ў кантакце з літоўскім епіскапатам і ўжо вызначаны святар, адказны за пілігрымку з Беларусі на сустрэчу з Папам”, - паведаміў арцыбіскуп Кандрусевіч.  
  
Іерарх агучыў і будучыя падзеі, якія чакаюць Касцёл у Беларусі. Самая важная напрыканцы красавіка пройдзе ў Гродна. Горад прыме Агульнабеларускую сустрэчу моладзі. Сёлета ў Ватыкане адбудзецца Сінод Біскупаў, прысвечаны маладым людзям, а таму беларускі форум стане як ніколі актуальным, спадзяецца старшыня Канферэнцыі Біскупаў у Беларусі.


27/03/2018 14:34