cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Аўдыенцыі і "Анёл Панскі"

Папа пажадаў плённа перажыць Пасхальны Трыдуум

Папа пажадаў плённа перажыць Пасхальны Трыдуум - AFP

28/03/2018 13:20

Пасха – гэта самае важнае свята літургічнага года, таму што з’яўляецца цэлебрацыяй успаміну смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста, нагадаў Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 28 сакавіка 2018 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Сваю катэхезу ён прысвяціў значэнню велікодных святаў.

Святы Айцец заўважыў, што Пасхальны Трыдуум, які пачынаецца Імшой Вячэры Пана ў Вялікі чацвер і завяршаецца Нешпарамі Нядзелі Уваскрасення Пана, хрысціяне пакліканы перажываць як “матрыцу” ўсяго асабістага і супольнаснага жыцця. “Святы не заканчваюцца на пасхальным кулічы, яйках і святкаванні. Гэта ўсё цудоўна, паколькі гаворка ідзе пра сямейнае свята, але ўсё не завяршаецца на гэтым. Тут пачынаецца шлях да місіі, да абвяшчэння таго, што Хрыстус уваскрос. Гэтае абвяшчэнне, да якога вядзе Трыдуум, рыхтуючы нас да яго прыняцця, з’яўляецца цэнтрам нашай веры і нашай надзеі, сутнасцю, керыгмай, што пастаянна евангелізуе Касцёл, які сам пакліканы евангелізаваць”, - сказаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што падчас Пасхальнай вігіліі ўдзеліць сакрамэнт хросту васьмі дарослым асобам, якія толькі пачынаюць шлях хрысціянскага жыцця. Ахрышчаныя пакліканы заўсёды глядзець ўвышыню, пашыраць свой гарызонт. З хростам вернікі паміраюць для рэчаў і логікі гэтага свету і адраджаюцца як новае стварэнне, што павінна канкрэтным чынам праяўляцца ў жыцці – у пазбяганні амаральнасці і асабліва ў клопаце аб патрабуючых. 

“Бліжні, асабліва самы малы і пакутуючы, становіцца канкрэтным абліччам, якому трэба дарыць любоў, што Бог падарыў нам. І свет становіцца месцам нашага новага жыцця як асоб, што ўваскрэслі. Мы ўваскрэслі з Езусам: стоячы з узнятай галавой, мы можам далучыцца да прыніжэння тых, хто таксама сёння, як Езус, перажывае пакуты, аголенасць, знаходзіцца ў патрэбе, самоце, стаіць перад абліччам смерці, каб дзякуючы Яму і разам з Ім стаць прыладай адкуплення і надзеі, знакам жыцця і ўваскрасення”, - сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў пра існуючы ў некаторых краінах пасхальны звычай, згодна з якім, калі гучаць званы на касцёлах, маці або бабулі абмываюць вадой вочы сваім дзецям ці ўнукам, каб маглі бачыць новыя справы, учыненыя Езусам. Ён заклікаў вернікаў у гэту Пасху таксама абмыць сабе вочы душы, каб бачыць і рабіць дабро.

“Дарагія браты і сёстры, падрыхтуемся да добрага перажывання ўжо блізкага Святога Трыдуума, каб як мага глыбей увайсці ў таямніцу Хрыста, Які за нас памёр і ўваскрос. Няхай нам у гэтым духоўным пілігрымаванні спадарожнічае Найсвяцейшая Панна Марыя, якая ішла за Езусам падчас Яго мукі – была там, глядзела і пакутавала – якая прысутнічала і з’ядналася з Ім пад Яго крыжам, а таксама прыняла ў сваім матчыным сэрцы радасць уваскрасення. Няхай яна выпрасіць для нас ласку глыбокага ўдзелу ў цэлебрацыі надыходзячых дзён, каб наша сэрца і наша жыццё былі імі па-сапраўднаму пераменены”, - сказаў Францішак.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, Папа прывітаў прысутных на плошчы св. Пятра рымлян і пілігрымаў з розных частак свету і пажадаў усім радаснага і святога Вялікадня.


28/03/2018 13:20