cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Гаміліі

Пантыфік да святароў: быць блізкімі да Бога і людзей

Пантыфік да святароў: быць блізкімі да Бога і людзей - AP

29/03/2018 13:16

Быць блізкімі да людзей, дазваляючы Хрысту прысутнічаць у жыцці чалавецтва, заклікаў Папа духавенства падчас св. Імшы Хрызма, якую цэлебраваў 29 сакавіка 2018 г. у ватыканскай базыліцы. У літургіі прынялі ўдзел шматлікія святары, якія ажыцяўляюць душпастырскае служэнне ў Рыме або спецыяльна прыехалі ў Вечны горад, каб перажыць тут перыяд Пасхальнага Трыдуума. 

У гаміліі Святы Айцец заўважыў, што Езус мог бы з лёгкасцю стаць адным з кніжнікаў або настаўнікаў закону, але пажадаў быць “евангелізатарам”, вулічнымі прапаведнікам, “тым, хто абвяшчае добрыя навіны” для свайго народа, блізкім да людзей. Гэта “вялікі выбар Бога”, які вучыць інкультурацыі не толькі ў далёкія культуры, але нават “ва ўласную парафію, новую моладзевую культуру”, перакананы ён.

Паводле Францішка, святарская блізкасць да людзей павінна выражацца ў пастаяннай прысутнасці побач з імі, а таксама здольнасці знаходзіць патрэбныя словы для кожнага чалавека – дарослага і малога, беднага і няверуючага. Блізкасць – гэта ключ да евангелізацыі, міласэрнасці, а таксама да праўды, якая з’яўляецца вернасцю і дазваляе бачыць людзей такімі, якімі іх бачыць Бог, а не класіфікуючы іх ці акрэсліваючы “іх сітуацыю”, сцвердзіў Пантыфік.

Святы Айцец папярэдзіў духавенства аб спакусе стварэння для сябе “зручных” і “фальшывых ідалаў з некаторых абстрактных праўдаў”, якія даюць “пэўны прэстыж і ўладу, і якія цяжка распазнаць”. Праўда-ідал “маскіруецца, выкарыстоўвае евангельскія словы як вопратку”, але не дазваляе ім дакрануцца да сэрца, а гэта “аддаляе простых людзей ад аздараўляючай блізкасці са Словам і сакрамэнтамі Езуса”.

Францішак заклікаў прысутных на літургіі святароў углядацца ў прыклад Панны Марыі і наследаваць Хрыста, аб чым Яна прасіла падчас вяселля ў Кане Галілейскай. Паводле Святога Айца, гэта мае фундаментальнае значэнне для трох сфер святарскай дзейнасці: духоўнага суправаджэння, споведзі і прапаведвання.

Падчас “духоўнага дыялогу” Папа заклікаў сузіраць стаўленне Езуса да самаранкі, якое дапамагло выявіць грэх гэтай жанчыны і абудзіць у ёй місійнае пакліканне; падчас споведзі – памятаць як Езус размаўляў з чужаложніцай, гаворачы праўду ў твар, але адкрываючы перад ёй новыя гарызонты, не засяроджваючыся на мінулым; а падчас прапаведвання, імкнуцца, каб слова было скіравана таксама да людзей, якія далёка ад Бога, каб пранікала ў іх сэрцы.

Святары павінны быць блізкімі да Бога ў малітве і да людзей ў штодзённасці, што лечыць ад ідэалагізаванасці, якая аслабляе апостальскі запал. “У блізкасці з Богам Слова ў табе станецца целам, а ты станеш святаром, блізкім да кожнага цела. У блізкасці з Божым народам, яго спакутаванае цела стане словам у тваім сэрцы, і будзеш мець аб кім размаўляць з Богам, станеш святаром, які заступаецца за людзей”, - сказаў Папа.

Паводле Пантыфіка, ад гэтай двайной блізкасці – да Бога і да людзей, – залежыць, “ці будзе Езус прысутнічаць у жыцці чалавецтва, або застанецца толькі на ўзроўні ідэй, закрыты ў надрукаваных літарах, уцелаўлёны, самае большае, у якім-небудзь добрым навыку, які паступова ператворыцца ў руціну”.


29/03/2018 13:16