cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Сустрэчы і падзеі

Папа ў Калізеі маліўся аб дары сораму, пакаяння і надзеі

Папа ў Калізеі маліўся аб дары сораму, пакаяння і надзеі - AFP

31/03/2018 00:11

Сорам, пакаянне і надзея былі лейтматывам малітвы, якую Францішак прамовіў на заканчэнне Крыжовага шляха, што прайшоў 30 сакавіка 2018 г. у рымскім Калізей. У набажэнстве прынялі ўдзел каля 20 тыс. чалавек, якія запоўнілі ўсю тэрыторыю ля славутага антычнага амфітэатра, трымаючы ў руках рознакаляровыя агеньчыкі і баронячы іх кволае святло ад ветру і лёгкага дажджу, што прайшоў у гэты вечар у італьянскай сталіцы.

Святы Айцец назіраў за працэсіяй з крыжам з падножжа Палацінскага пагорка. На заканчэнне набажэнства ён прамовіў: "Пане Езу, наш позірк скіраваны да Цябе, поўны сораму, пакаяння і надзеі. Перад абліччам Тваёй найвышэйшай любові, нас пранізвае сорам за тое, што прымусілі Цябе пакутаваць за нашыя грахі", "за тое што збеглі", "за тое, што выбралі Бараббу", "ўладу", "ілюзіі", "залатога цяльца", "марнасць", "не Цябе".

Нас пранізвае "сорам за тое, што спакушалі Цябе словам і ў сэрцы, кожны раз, калі, апынаючыся перад абліччам выпрабаванняў, казалі Табе: "Калі Ты Месія, збаў сябе і мы паверым у Цябе"; сорам, бо многія людзі, нават некаторыя Твае служыцелі, падмануліся амбіцыямі і славалюбствам, губляючы сваю годнасць і першую любоў; сорам, бо нашыя пакаленні пакідаюць моладзі свет, разадраны падзеламі і войнамі; свет, напоўнены эгаізмам, дзе на ўзбочыну выкінуты людзі маладога ўзросту, малыя, хворыя і пажылыя. Езу, нас пранізвае сорам за тое, што згубілі сорам", дадаў Папа.

Францішак перакананы, што Божая любоў большая за ўсё гэта, і ў гэтым заключана надзея. Яна з'яўляецца пасланнем прабачэння і братэрства, якое яшчэ сёння ўзнімае народы і перамагае варожасць і страхі, натхняе моладзь прысвячаць сваё жыццё Богу ў свеце, дзе пануе логіка прыбытку.

Нас натхняе "надзея, бо вялікае мноства місіянераў і місіянерак працягвае, яшчэ сёння, кідаць выклік соннаму сумленню чалавецтва, рызыкуючы жыццём, каб служыць Табе ў бедных, адрынутых, мігрантах, людзях, якіх не заўважаюць, якіх эксплуатуюць, галодных і зняволеных; надзея, бо Твой Касцёл, святы, і які складаецца з грэшнікаў, яшчэ сёння, нягледзячы на ўсе спробы дыскрэдытаваць яго, працягвае быць святлом, што асвятляе, падбадзёрвае, суцяшае і сведчыць аб Тваёй бязмежнай любові, прыкладам альтруізма, каўчэгам збаўлення і крыніцай ўпэўненасці і праўды", сказаў Папа.

Перш чым удзяліць удзельнікам Крыжовага шляха благаслаўленне, Францішак ад імя ўсіх вернікаў узнёс малітву аб вызваленні "ад пыхлівасці злодзея", які быў укрыжаваны з левага ад Хрыста боку, ад высакамернасці "блізарукіх і амаральных людзей", якія бачылі ў Езусе "асуджанага, якога можна крытыкаваць, пацярпеўшага фіяска, над якім можна смяяцца, чарговую магчымасць, каб павесіць на іншых, і нават на Бога, уласныя правіны".

"Просім Цябе, Сыне Божы, зрабі нас падобнымі на Добрага злодзея, які глядзеў на Цябе вачыма, поўнымі сораму, пакаяння і надзеі; які вачыма веры ўбачыў у Тваёй уяўнай паразе Боскую перамогу і схіліўшыся перад Тваёй міласэрнасцю, сумленна скраў для сябе Неба", - закончыў сваю малітву Папа.
 
Разважанні да Крыжовага шляху сёлета падрыхтавала група студэнтаў аднаго з рымскіх ліцэяў пад кіраўніцтвам прафесара Андрэа Монда, выкладчыка рэлігіі і юрыста, пісьменніка і публіцыста. Падчас набажэнства яны неслі крыж па чарзе з законніцамі і законнікамі са Святой Зямлі і Ірака, сям'ёй з Сірыі, няпоўнаспраўнай асобай, валанцёрамі каталіцкай дабрачыннай арганізацыі "UNITALSI", Папскім вікарыем для Рымскай дыяцэзіі. 


31/03/2018 00:11