2018-03-31 13:01:00

Ватыканскую плошчу ўпрыгожаць тысячы кветак


У Велікодную нядзелю плошча св. Пятра ператворыцца ў вялікі квітнеючы сад, які будзе сімвалізаваць радасць і новае жыццё, што прыносіць з сабой ўваскрасенне Езуса Хрыста. Спецыяльна з гэтай нагоды ў Ватыкан былі дастаўлены 50 тыс. кветак і раслін з нідэрландскага горада Лісэ. Перад адпраўленнем іх благаславіў пастыр Ротэрдамскай дыяцэзіі, біскуп Ганс ван дэн Хэндэ. 

Упрыгожванне плошчы пачалося раніцай 31 сакавіка 2018 г. Камандай фларыстаў кіруе галандскі спецыяліст Паўл Дэкерс. Ён прымае ўдзел у кветкавым аздабленні плошчы св. Пятра ўжо ў чатырнаццаты раз і дакладна ведае ўсе асаблівасці гэтага месца. Паводле яго слоў, дамінуючымі раслінамі сёлета будуць архідэі, цюльпаны і нарцысы.

Традыцыйна імі запаўняюцца шэсць сектараў: алтарную частку, уваход у ватыканскую базыліку, сам алтар, тэрыторыю перад ім, прыступкі, што вядуць у базыліку і лоджыю, з якой Пантыфік удзяляе благаслаўленне “Urbi et Orbi”. Кветкі будуць размяшчацца такім чынам, каб не перашкаджаць літургічнай цэлебрацыі, якую будзе праводзіць Пантыфік, а таксама тэлетрансляцыі з плошчы св. Пятра, за якой будуць сачыць мільёны людзей ва ўсім свеце.

Традыцыя ўпрыгожвання пасхальных урачыстасцяў у Ватыкане кветкамі і раслінамі з Нідэрландаў узнікла ў 1985 г., калі мясцоваму фларысту Ніку ван дэр Вурту было прапанава ўпрыгожыць ватыканскую плошчу з нагоды беатыфікацыі галандскага святара Ціта Брандсма. Падчас гэтай паездкі ў Рым было заключана пагадненне на падобныя паслугі і на бліжэйшыя пасхальныя ўрачыстасці, якое абнаўляецца штогадова да гэтага часу.








All the contents on this site are copyrighted ©.