cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Дакументы і звароты

“Urbi et Orbi”: уваскрасенне Хрыста – надзея для свету

“Urbi et Orbi”: уваскрасенне Хрыста – надзея для свету - AFP

01/04/2018 12:15

Уваскрасенне Хрыста – гэта сапраўдная надзея для свету. Гэта сіла пшанічнага зерня, моц любові, якая аддае сябе да канца і па-сапраўднаму абнаўляе свет, адзначыў Францішак у пасланні перад благаслаўленнем “Urbi et Orbi”, атрымаць якое на плошчы св. Пятра 1 красавіка 2018 г. сабраліся сотні тысяч вернікаў.

“Дарагія браты і сёстры, шчаслівага Вялікадня! Езус уваскрос з памерлых, - сказаў Папа. - У Касцёле ва ўсім свеце гучыць гэтая вестка, разам са спевам Аллелюя: Езус – Пан, Айцец ўваскрасіў Яго з памерлых і Ён жыве сярод нас навекі.

Сам Езус прадвясціў сваю смерць і ўваскрасенне з дапамогай вобраза пшанічнага зерня. Ён казаў: “Калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён” (Ян 12,24). Адбылося менавіта гэта: Езус, пшанічнае зерне, якое было пасеяна Богам у баразне зямлі, памёр, забіты грахом свету, два дні заставаўся ў магіле; але ў гэтай Яго смерці была заключана ўся моц Божай любові, якая вызвалілася і аб’явілася на трэці дзень, які сёння мы святкуем: Пасху Хрыста Пана.

Мы, хрысціяне, верым і ведаем, што ўваскрасенне Хрыста – гэта сапраўдная надзея для свету, надзея, якая не расчаруе. Гэта сіла пшанічнага зерня, моц любові, якая прыніжаецца і аддае сябе аж да канца, і якая па-сапраўднаму абнаўляе свет. Гэта сіла прыносіць плён таксама і сёння, у барознах нашай гісторыі, пазначанай мноствам несправядлівасці і насілля. Яна прыносіць плёны надзеі і годнасці там, дзе беднасць і адчужэнне, дзе голад і беспрацоўе, сярод перасяленцаў і бежанцаў – якія шматразова былі адрынуты актуальнай культурай адчужэння, – сярод ахвяр наркатрафіка, гандлю людзьмі і сучаснага рабства. 

Сёння мы просім аб плёнах міру для ўсяго свету, пачынаючы з дарагой і спакутаванай Сірыі, насельніцтва якой ужо даведзена да крайнасці вайной, якой нябачна канца. Няхай у гэты Вялікдзець, святло Уваскрослага Хрыста асвеціць сумленні ўсіх палітычных і вайсковых лідэраў, каб быў неадкладна пакладзены канец трываючай бойне, каб паважалася гуманітарнае права і быў забяспечаны доступ да дапамогі, у якой нашыя браты і сёстры маюць тэрміновую патрэбу, гарантуючы, адначасова, належныя ўмовы для вярнання тых, хто застаўся без даху над галавой.

Молімся аб плёнах прымірэння для Святой Зямлі, параненай канфліктамі, што не шкадуць нават безабаронных, для Емена і ўсяго Блізкага Усхода, каб дыялог і ўзаемная павага ўзялі верх над падзеламі і насіллем. Няхай нашы браты ў Хрысце, якія нярэдка пакутуюць ад насілля і пераследу, будуць ззяючымі сведкамі Уваскрослага і перамогі дабра над злом.

У гэты дзень просім аб плёнах надзеі для людзей, якія прагнуць больш годнага жыцця, асабліва ў тых частках афрыканскага кантынента, якія церпяць ад голада, старадаўніх канфліктаў і тэрарызма. Няхай супакой Уваскрослага загоіць раны ў Паўднёвым Судане: няхай адкрые сэрцы на дыялог і ўзаемаразуменне. Не забудзем пра ахвяр гэтага канфлікту, асабліва дзяцей! Няхай не будзе недахопу ў салідарнасці з многімі людзьмі, вымушанымі пакінуць свае землі і пазбаўленымі мінімума, неабходнага для жыцця.

Папросім аб плёнах дыялогу для карэйскага паўвострава, каб трываючыя перамовы паспрыялі гармоніі і прымірэнню ў рэгіёне. Няхай тыя, хто мае непасрэдную адказнасць, дзейнічаюць з мудрасцю і разважлівасцю, каб садзейнічаць дабру карэйскага народа і будаваць даверлівыя адносіны ў лоне міжнароднай супольнасці.

Папросім аб плёнах міра для Украіны, каб былі ўмацаваны крокі на карысць прымірэння і было аблегчана здзяйсненне гуманітарных ініцыятываў, якіх патрабуе насельніцтва.

Молімся аб плёнах суцяшэння для венесуэльскага народа, які – як напісалі яго пастыры, – жыве на пэўнага роду, “чужой зямлі” ва ўласнай краіне. Няхай, дзякуючы моцы Уваскрасення Пана Езуса, зможа знайсці слушны шлях, мірны і гуманны, каб як мага хутчэй выйсці з палітычнага і гуманітарнага крызіса, які яго сціскае. Няхай не адчуваюць недахопу ў гасціннасці і падтрымцы тыя яго сыны, якія былі вымушаны пакінуць сваю Айчыну.

Няхай Уваскрослы Хрыстус прынясе плёны новага жыцця дзецям, якія па прычыне войнаў і голаду растуць без надзеі, пазбаўленыя адукацыі і медыцынскай дапамогі; а таксама пажылым асобам, адрынутым эгаістычнай культурай, якая адсоўвае ў бок тых, хто не з’яўляецца “прадуктыўным”.

Памолімся аб плёнах мудрасці для тых, хто ва ўсім свеце мае палітычную адказнасць, каб заўсёды паважалі чалавечую годнасць, з адданасцю прыкладалі намаганні ў служэнні супольнаму дабру і забяспечвалі развіццё і бяспеку для сваіх грамадзян.

Дарагія браты і сёстры, таксама да нас, падобна як да жанчын, што прыбеглі да магілы, скіравана гэтае слова: “Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго тут няма; Ён уваскрос” (Лк 24,5-6). Смерць, самотнасць і страх – больш не  апошняе слова. Ёсць такое слова, якое выходзіць за межы чалавечага ўяўлення і якое толькі Бог можа прамовіць: гэта слова Уваскрасенне (пар. Ян Павел ІІ, Прамова на заканчэнне Крыжовага шляху, 18 красавіка 2003 г.). Моцай Божай любові яно “праганяе злосць, змывае правіны і вяртае ласку ўпаўшым, а засмучаным радасць. Знішчае нянавісць, яднае ў згодзе і скарае зямныя ўлады” (гімн “Exultet”). Шчаслівага Вялікадня ўсім!”

Пасля звароту і благаслаўлення Пантыфік асаблівым чынам прывітаў прысутных на плошчы св. Пятра вернікаў і тых, хто сачыў за трансляцыяй з дапамогай сродкаў масавай камунікацыі.


01/04/2018 12:15