2018-04-02 12:56:00

Папа: братэрства – хрысціянскі лад жыцця і дух адносін


Братэрства і адзінства, якое адчуваем у гэтыя велікодныя дні, павінна стаць нашым ладам жыцця і духам нашых адносін, падкрэсліў Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Regina Coeli”, якая прайшла 2 красавіка 2018 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

“Панядзелак пасля Пасхі называецца “панядзелкам Анёла”, згодна з вельмі прыгожай традыцыяй, якая адпавядае старажытным біблійным крыніцам аб уваскрасенні. Сапраўды, Евангеллі апавядаюць (пар. Мц 28,1-10; Мк 16,1-7; Лк 24, 1-12), што калі жанчыны ішлі да магілы, убачылі яе адчыненай. Яны баяліся, што не змогуць увайсці, бо магіла была зачынена з дапамогай вялікага камня, але яна аказалася адчыненай, а голас знутры сказаў ім, што Езуса тут няма, Ён уваскрос.

Упершыню былі прамоўлены словы: “Ён уваскрос”. Евангелісты паведамляюць нам, што гэта першае абвяшчэнне зрабілі анёлы, гэта значыць Божыя пасланцы. У гэтай анёльскай прысутнасці ёсць сэнс: як аб уцелаўленні Слова абвясціў анёл, Габрыэль, так і для першага абвяшчэння аб уваскрасенні не было дастаткова чалавечага слова. Патрабавалася вышэйшая істота, каб пераказаць настолькі надзвычайную, нават неверагодную рэчаіснасць, аб якой, напэўна, ніводны чалавек не асмеліўся бы сказаць. Пасля гэтага першага абвяшчэння, супольнасць вучняў пачала паўтараць: “Пан сапраўды ўваскрос і з’явіўся Сымону” (Лк 24,34), але самае першае абвяшчэнне патрабавала здольнасці, вышэйшай да чалавечую.

Сённяшні дзень з’яўляецца днём святкавання і збірання за святочным сталом, які звычайна праходзіць у сям’і. Гэта сямейны дзень. Пасля святкавання Вялікадня адчуваецца патрэба сабрацца яшчэ з блізкімі і сябрамі, каб зрабіць свята. Таму што братэрства – гэта плён Пасхі Хрыста, які сваёй смерцю і ўваскрасеннем, перамог грэх, што адзяляў чалавека ад Бога, чалавека ад самога сябе, чалавека ад яго братоў. 

Нам вядома, што грэх заўсёды раздзяляе, стваварае варожасць... Езус знішчыў мур падзелу паміж людзьмі і аднавіў мір, пачынаючы ткаць сетку новага братэрства. Вельмі важна ў гэты наш час адкрыць нанова братэрства, як ім жылі першыя хрысціянскія супольнасці. Адкрыць нанова, як даць месца Езусу, Які ніколі не раздзяляе, але заўсёды яднае. Не можа быць сапраўднага адзінства і клопату аб супольным дабры і сацыяльнай справядлівасці без братэрства і дзялення дабротамі. Без братэрскага дзялення немагчыма рэалізаваць сапраўдную касцёльную ці грамадскую супольнасць: так могуць існаваць толькі асобныя індывідуумы, якія кіруюцца ўласнымі інтарэсамі.Але братэрства – гэта ласка, якую дае Езус.

Пасха Хрыста выклікла ў свеце таксама штосьці іншае: выбух навізны дыялога і адносін, навізны, якая для хрысціян стала адказнасцю. Сапраўды, Езус сказаў: “Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго”. Вось чаму мы не можам закрыцца ў нашым прыватным жыцці, нашай групе, але пакліканы дбаць пра супольнае дабро, клапаціцца пра братоў, асабліва самых слабых і маргіналізаваных. Толькі братэрства можа гарантаваць трывалы мір, можа перамагчы беднасць, пагасіць напружанасць і войны, выкараніць карупцыю і злачыннасць. Анёл, які нам кажа: “Ён уваскрос”, няхай навучыць нас жыць братэрствам і навізной дыялога, адносін і клопату пра супольнае дабро.

Няхай Панна Марыя, якую ў гэты пасхальны час называем “Уладаркай Неба”, падтрымлівае нас сваёй малітвай, каб братэрства і адзінства, якое адчуваем у гэтыя велікодныя дні, магло стаць нашым ладам жыцця і духам нашых адносін”.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў прысутных на плошчы св. Пятра рымлян і пілігрымаў, заклікаючы іх заўсёды быць уважлівымі да самых слабых і безабаронных людзей. У прыватнасці ён запэўніў у малітве ў сувязі з Сусветным днём распаўсюджвання інфармацыі аб аўтызме, які адзначаецца 2 красавіка.








All the contents on this site are copyrighted ©.