2018-04-03 15:01:00

Ватыканская каманда прыме ўдзел у Рымскім марафоне


Ватыканскія атлеты прымуць удзел у Рымскім марафоне, старт якому будзе дададзены раніцай 8 красавіка 2018 г. на Віа дэі Форы Імперыялі – шырокім праспекце ў цэнтры Вечнага горада, які знаходзіцца паміж П’яцца Венецыя і Калізеем. У складзе ватыканскай каманды ўпершыню выйдуць на дыстанцыю два мігранты з Афрыкі, якія былі прыняты ў яе некалькі тыдняў таму.

Па ініцыятыве “папскіх марафонцаў” напярэдадні спаборніцтва – вечарам 7 красавіка, – у рымскім касцёле Санцісіма-Трыніна-дэльі-Спаньёлі пройдзе св. Імша, якую ўзначаліць мансеньёр Мэльчор Санчэс дэ Тока, падсакратар Папскай рады па культуры і мансеньёр Андрэа Пальмьеры, падсакратар Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. На заканчэнне літургіі яе ўдзельнікі прачытаюць адмысловую “Малітву марафонца”, якая была перакладзена на 37 моваў.

Да ўдзелу ў Рымскім марафоне зарэгістраваліся 14 тыс. аматараў здаровага ладу жыцця з 130 краін свету. Большая частка 42-кіламетровай трасы пралягае праз гістарычны цэнтр Вечнага горада, пасярод амаль 500 помнікаў культуры і турыстычных аб’ектаў.

Ватыканская лёгкаатлетычная каманда – “Athletica Vaticana” – была створана ў верасні 2017 г. пад патранатам Папскай рады па культуры. У яе склад уваходзіць каля 30 свецкіх вернікаў і духоўных асобаў з розных ватыканскіх структур і дыкастэрый, якіх аб’ядноўвае любоў да спорту і жаданне распаўсюджваць здаровыя каштоўнасці пад флагам Ватыкана. 








All the contents on this site are copyrighted ©.