2018-04-03 13:00:00

Ватыканскі дыпламат да 50-годдзя смерці Марціна Лютэра Кінга


Адданасць прынцыпу ненасілля і паўсюднага братэрства – гэта тое, што аб’ядноўвае Францішка і Марціна Лютэра Кінга, заўважыў Пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры структурах ААН у Жэневе. Арцыбіскуп Іван Юркавіч падзяліўся думкамі аб лаўрэаце Нобелеўскай прэміі міру за барацьбу з расавай няроўнасцю ў ЗША ў сувязі з 50-годдзем яго смерці, якое будзе адзначацца 4 красавіка 2018 г.

Паводле ватыканскага дыпламата, гаворка ідзе пра “манументальную фігуру” ў гісторыі абароны правоў чалавека. Без сумніваў, можна сказаць, што з яго пачаўся “новы перыяд”, якому спадароджнічала агульнае развіццё грамадства і дэмактарыі. Ён назаўсёды застанецца адным з самых вялікіх людзей ХХ стагоддзя, падкрэсліў арцыбіскуп Юркавіч.

Прадстаўнік Святога Пасаду пры ААН лічыць, што Францішка і Кінга аб’ядноўвае некалькі рысаў. У першую чаргу – непрыналежнасць да еўрапейскага свету; уклад у з’яўленне новых паўсюдных поглядаў: у першым выпадку – на Касцёл, а ў другім – на правы афраамерыканскага насельніцтва; а таксама іх адданасць прынцыпу ненасілля і паўсюднага братэрства.

Перад абліччам умацавання расісцкіх тэндэнцый у сучасным свеце, на думку арцыбіскупа Юркавіча, недастаткова толькі ўвагі бюракратычнага характару, гэта значыць з боку людзей, якія працуюць у сферы барацьбы з дыскрымінацыяй па расавым прынцыпе. Неабходна таксама сведчанне вядомых і аўтарытэтных людзей.

“Папа Францішак дае яго – і робіць гэта цудоўным чынам! – і ўсе прызнаюць гэту яго ролю, якую ён здабыў за кароткі прамежак часу. Папа верыць, што адзінай будучыняй, якая годная чалавека, з’яўляецца тая, у якую будуць уключаны ўсе. Мы павінны крочыць у святле гэтага погляду і бараніць яго”, - заўважыў ватыканскі дыпламат і дадаў, што такога самага меркавання прытрымліваўся і Марцін Лютэр Кінг.

Марцін Лютэр Кінга загінуў ад кулі снайпера 4 красавіка 1968 г. Праз некалькі дзён папа Павел VI звярнуўся да вернікаў падчас малітвы “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра і выказаў свой боль па прычыне забойства гэтага “хрысціянскага прарока расавай інтэграцыі”. У 1964 г. ён прымаў Кінга на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Паводле Францішка, прыклад Марціна Лютэра Кінга працягвае натхняць мноства людзей ва ўсім свеце. Аб гэтым ён казаў у 2015 г., падчас сваёй гістарычнай прамовы ў Кангрэсе Злучаных Штатаў. 13 сакавіка 2018 г. Пантыфік прыняў на аўдыенцыі дачку гэтага чорнаскурага баптысцкага пастыра Берніс Альберціну Кінг, якая працягвае праваабарончую дзейнасць свайго бацькі.








All the contents on this site are copyrighted ©.