2018-04-03 10:44:00

Святы Пасад: больш салідарнасці з пакутуючымі ад аўтызму


Апостальская Сталіца заклікае да большай блізкасці і салідарнасці з асобамі, якія пакутуюць ад аўтызму і іх сям’ямі. Аб гэтым гаворыцца ў спецыяльным пасланні прэфекта Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, кардынала Пітэра Тарксана, прымеркаваным да ХІ Сусветнага дня распаўсюджвання інфармацыі аб праблеме аўтызму, які адзначаўся 2 красавіка.

Супадзенне гэтага Дня, устаноўленага Генеральнай Асамблеяй ААН у 2007 г., з велікоднымі святамі, робіць Касцёл носьбітам паслання “надзеі ўваскрослага Хрыста для ўсіх, асабліва для нашых дарагіх братоў і сясцёр з разладжваннем аўтыстычнага спектру, іх сям’яў і ўсіх, хто штодзённа клапоціцца аб іх”, падкрэсліў ватыканскі іерарх.

Спасылаючыся на дадзеныя эпідэміялагічных даследванняў, кардынал заўважыў, што колькасць людзей, якія пакутуюць ад аўтызму значна павялічылася ў свеце за апошнія 50 гадоў. Паводле прыблізнай ацэнкі, 1 з 160 дзяцей закрануты разладжваннем аўтыстычнага спектру. Акрамя таго, існуе рызыка абвастрэння гэтай тэндэнцыі, якая і без таго носіць “характар надзвычайнай сітуацыі”.

Паводле кардынала-прэфекта, нягледзячы на ўвагу Касцёла да гэтай праблемы, “яшчэ існуюць цяжкасці з практыкаваннем сапраўднай інклюзіўнасці, для якой фундаментальна, каб нашы хрысціянскія супольнасці былі “домам”, дзе са спагадай ставяцца да ўсіх пакут і цярпенняў, і дзе кожная сям’я, са сваім цяжарам болю і цяжкасцяў, можа сустрэць разуменне і павагу да сваёй годнасці”. 

Кардынал Тарксан цвёрда падкрэсліў, што сем’і людзей з разладжваннем аўтыстычнага спектру заслугоўваюць не толькі вялізарнага захаплення за “сведчанне надзвычайнай любові”, якое даюць, клапоцячыся аб сваіх дзецях, але таксама таго, каб іх цяжкасці і заклікі аб дапамозе былі пачуты і знайшлі належны адказ у выглядзе канкрэтных дзеянняў.

Ватыканскі іерарх звярнуў асаблівую ўвагу на недастатковую дапамогу пакутуючым ад аўтызма з боку дзяржавы і адмысловых устаноў, у выніку чаго сем’і нярэдка вымушаны ўласнымі сіламі шукаць выйсця з праблем, якія павінны вырашаць сацыяльныя, медыцынскія і адукацыйныя структуры. 

Неабходна спрыяць культуры сустрэчы і салідарнасці, таму што асобы з разладжваннем аўтыстычнага спектру штодзённа пакутуюць не толькі ад цяжкасцяў, звязаных з іх сітуацыяй, але таксама ад шматлікіх абмежаванняў, якія грамадства ставіць перад імі, пазбаўляючы іх магчымасці напоўніцу жыць сваімі магчымасцямі.








All the contents on this site are copyrighted ©.