2018-04-04 11:49:00

Барталамей І: шлях да еднасці хрысціян не спыніць


“Нават калі павольны, нават калі часам з цяжкасцямі, шлях да адзінства нашых святых Цэркваў з'яўляецца няспынным, таму што яго прагне Бог і таму што мы павінны быць сведкамі Бога ў гэтым свеце, які абыякавы да Яго”, - падкрэсліў Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей І прымаючы ў сваёй рэзідэнцыі ў Фанары Папскага вікарыя для Рымскай дыяцэзіі, арцыбіскупа Анджэла Дэ Данаціса, з групай святароў, якія здзяйсняюць пілігрымку па хрысціянскіх святых месцах у Турцыі.

У размове са сваімі гасцямі Экуменічны Патрыярх звярнуў увагу на пытанне супольнага святкавання Пасхі католікамі і праваслаўнымі. Ён выказаў упэўненасць у тым, што як толькі наступіць адпаведны час, Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква здолеюць, з пакорай і адкрытасцю, прыйсці да супольнага рашэння ў гэтым пытанні, адказваючы на заклік апостала Паўла, які ў сённяшнім глабалізаваным свеце гучыць як ніколі актуальна: “Пасха нашая, Хрыстус, ахвяраваны за нас! Таму будзем святкаваць не ў старой заквасцы”.

Барталамей І падкрэсліў існаванне глыбокай еднасці, якая існуе паміж ім і Святым Айцом, і якая ўсталявалася адразу пасля абрання Францішка на Пасад св. Пятра. Гэтае адзінства працягвае заставацца плённым на працягу пяці гадоў цяперашняга пантыфікату і выражаецца ў многіх супольных падзеях, дадаў ён.

Арцыбіскуп Дэ Данаціс, у сваю чаргу, пераказаў прадстаяцелю Канстантынопальскага Патрыярхата цёплыя прывітанні Францішка. “Мы рады быць тут. Для нас – гэта вялікая радасць! Мы заўсёды ахвотна вяртаемся сюды, каб абудзіць тую духоўную памяць, якая вельмі дапамагае, каб крочыць за Езусам Хрыстом”, - сказаў Папскі вікарый.








All the contents on this site are copyrighted ©.