2018-04-04 10:58:00

Францішак: станавіцца эўхарыстычнымі людзьмі


Станавіцца эўхарыстычнымі людзьмі, дазваляючы Хрысту дзейнічаць у нашых справах і прысутнічаць у нашых думках, пачуццях і рашэннях, заклікаў Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 4 красавіка 2018 г. прайшла ў Ватыкане. Завяршаючы цыкл катэхез, прысвечаны св. Імшы, ён засяродзіў увагу на абрадзе заканчэння. 

Папа падкрэсліў, што Эўхарыстыя завяршаецца благаслаўленнем, якое ўдзяляе святар, і рассыланнем народу. “Такім чынам, літургічнае дзеянне, як пачынаецца знакам крыжа, у імя Айца і Сына, і Духа Святога, так і заканчваецца ў імя Найсвяцейшай Тройцы”, - заўважыў ён.

“Нам добра вядома, што разам з заканчэннем св. Імшы, пачынаецца удзел у хрысціянскім сведчанні. Хрысціяне не прыходзяць на св. Імшу, каб выканаць штотыднёвы абавязак і потым забыцца пра гэта. Хрысціяне прыходзяць на св. Імшу, каб удзельнічаць у муцы і ўваскрасенні Пана, а таксама, каб жыць усё больш па-хрысціянску: пачынаецца ўдзел у хрысціянскім сведчанні. Мы выходзім з касцёла, каб “ісці ў супакоі”, нясучы Божае благаслаўленне ў штодзённую дзейнасць, у нашыя дамы, на месцы працы, сярод турботаў зямнога гораду, “праслаўляючы Пана нашым жыццём”, - сказаў Пантыфік. 

Паводле слоў Францішка, пасля св. Імшы адбываецца пераход ад цэлебрацыі да жыцця, які павінен ажыцяўляцца з усведамленнем, што “св. Імша знаходзіць поўнае спаўненне ў канкрэтных рашэннях тых, хто асабіста ўваходзіць ў таямніцы Хрыста”.

“Мы не павінны забываць, што цэлебруем Эўхарыстыю для таго, каб вучыцца, як станавіцца эўхарыстычнымі мужчынамі і жанчынамі. Што гэта значыць? Гэта азначае дазволіць, каб Хрыстус дзейнічаў у нашых справах: каб Яго думкі былі нашымі думкамі, Яго пачуцці – нашым пачуццямі, Яго рашэнні – нашымі рашэннямі. Гэта з’яўляецца святасцю: рабіць так, як рабіў Хрыстус – гэта хрысціянская святасць. Гэта дакладна выражае св. Павел, кажучы аб сваім упадабненні да Езуса: “Я ўкрыжаваны разам з Хрыстом. І ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус. А што цяпер жыву ў целе, то жыву вераю ў Сына Божага, які палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне”, - нагадаў Францішак. 

Паводле Папы, досвед св. Паўла асвячае таксама і нас: наколькі змярцвяем наш эгаізм, гэта значыць робім, каб памерла ў нас тое, што супярэчыць Евангеллю і любові Езуса, настолькі большая прастора для моцы Яго Духа ўтвараецца ў нас.

“Паколькі рэальная прысутнасць Хрыста ў кансэкраваным хлебе не заканчаецца разам са св. Імшой, Эўхарыстыя павінна захоўвацца ў табернакулюме, каб удзяляць св. Камунію хворым, а таксама, каб можна было моўчкі ўшаноўваць Пана ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Эўхарыстычны культ па-за Імшой, як у прыватнай форме, так і ў супольнаснай, дапамагае нам трываць у Хрысце”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак адзначыў, што плёны св. Імшы павінны даспяваць у штодзённым жыцці, бо Эўхарыстыя, “паглыбляючы нашу з’яднанасць з Хрыстом, абнаўляе ласку, якой Святы Дух адарыў нас у хросце і канфірмацыі, каб наша хрысціянскае сведчанне было пераканаўчым”.

“Акрамя таго, распальваючы ў нашых сэрцах Божую любоў, Эўхарыстыя аддзяляе нас ад граху. Чым больш мы ўдзельнічаем у жыцці Хрыста і паглыбляем сяброўства з Ім, тым складаней нам разарваць сувязь з Ім праз смяротны грэх. Рэгулярнае прыступанне да эўхарыстычнага стала аднаўляе, ўмацоўвае і паглыбляе сувязь з хрысціянскай супольнасцю, да якой належым, згодна з прынцыпам: Эўхарыстая стварае Касцёл, яднае нас усіх”, - сказаў ён.

Папа таксама нагадаў, што ўдзел у Эўхарыстыі абавязвае дапамагаць бедным, “навучаючы нас пераходзіць ад Цела Хрыста да цела братоў, у якім Ён чакае, што мы Яго распазнаем, будзем Яму служыць, аддаваць пашану і любіць”. 

“Нясучы скарб еднасці з Хрыстом у гліняных начыннях, мы пастаянна павінны вяртацца да святога алтара, аж да хвіліны, калі на Небе, будзем напоўніцу цешыцца шчасцем вясельнай вячэры Баранка”, - падкрэсліў Францішак і заклікаў вернікаў з абноўленай верай прывабіцца гэтай сапраўднай сустрэчай з Езусам, які памёр, уваскрос і з’яўляецца нашым сучаснікам.








All the contents on this site are copyrighted ©.