cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Сустрэчы і падзеі

Пантыфік прыняў палітычнае і рэлігійнае кіраўніцтва Арменіі

Пантыфік прыняў палітычнае і рэлігійнае кіраўніцтва Арменіі - AP

05/04/2018 13:08

Францішак прыняў вышэйшае палітычнае і рэлігійнае кіраўніцтва Арменіі. Раніцай 5 красавіка 2018 г. у Апостальскім палацы адбыліся аўдыенцыі для Прэзідэнта Арменіі Сержа Саргсяна, Вярхоўнага Патрыярха і Каталікоса ўсіх армян Гарэгіна ІІ і Каталікоса Кілікійскага Армянскай Апостальскай Царквы Арама І. 

Візіт высокіх гасцей быў прымеркаваны да адкрыцця ў Ватыканскіх садах скульптуры св. Грыгорыя з Нарэка – армянскага святара і законніка, паэта і тэолага, які быў абвешчаны Доктарам Касцёла падчас урачыстай літургіі ў базыліцы св. Пятра ў 2015 г. Урачыстую цырымонію адкрыцця скульптуры ўзначаліў сам Папа. 

Двухмятровая бронзавая статуя св. Грыгорыя з Нарэка была выканана групай майстроў пад кіраўніцтвам Давіда Ерэванцы і пры падтрымцы Пасольства Арменіі пры Святым Пасадзе. Яна была дастаўлена ў Ватыкан 21 сакавіка 2018 г. Аналагічная фігура, зробленая гэтай жа групай скульптараў, будзе устаноўлена ў садах рэзідэнцыі Вярхоўнага Патрыярха і Каталікоса ўсіх армян.

Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што пасля аўдыенцыі ў Пантыфіка Серж Саргсян сустрэўся з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам, якога суправаджаў сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер. 

У ходзе сардэчных перамоў адзначаліся добрыя адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і гэтай каўказскай краінай. Падкрэслівалася, што адкрыццё скульптуры армянскага святога ў Ватыканскіх садах з’яўляецца нагодай, каб спрыяць далейшаму развіццю гэтых адносін, а таксама паміж Армянскай Апостальскай Царквой і Каталіцкім Касцёлам.

Бакі абмеркавалі рэгіянальныя палітычныя пытанні, выказваючы пажаданне аб вырашэнні канфліктых сітуацый, а таксама тэмы міжнароднай павесткі дня, у тым ліку сітуацыю хрысціян і рэлігійных меншасцяў, асабліва ў зонах ваенных дзеянняў.


05/04/2018 13:08