cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Дакументы і звароты

Папа выказаў салідарнасць з бацькамі цяжкахворага хлопчыка

Папа выказаў салідарнасць з бацькамі цяжкахворага хлопчыка - AP

05/04/2018 11:13

Папа заклікаў зрабіць усё неабходнае для маленькага Элфі Эванса – амаль 23-месячнага англійскага хлопчыка, які мае загадкавае дэгенератыўнае неўралагічнае захворванне і знаходзіцца ў стане глыбокай комы. Насуперак жаданню яго бацькоў Вярхоўны суд Вялікабрытаніі дазволіў урачам дзіцячай клініцы ў Ліверпуле адключыць дзіця ад сістэмы штучнага жыццязабеспячэння.

“Я вельмі шчыра спадзяюся, што будзе зроблена ўсё неабходнае, каб са спагадай працягваць суправаджаць маленькага Элфі Эванса, і што будуць пачуты глыбокія пакуты яго бацькоў. Малюся за Элфі, за яго сям’ю і ўсіх зацікаўленых людзей”, - напісаў Святы Айцец позна ўвечары 4 красавіка 2018 г. праз свой профіль у сацыяльнай сетцы “Твітэр”.

Элфі Эванс нарадзіўся 9 мая 2016 г. Праз шэсць месяцаў ён упаў у кому па прычыне неўралагічнай хваробы, якая дагэтуль не была дакладна дыягнаставана. Дзіця рэагуе на некаторыя мінімальныя стымулы, а яго сардэчная актыўнасць здаецца стабільнай, але маюцца шырокія пашкоджанні ў розных частках галоўнога мозгу, якія, паводле ўрачоў, паступова і непазбежна прывядуць яго да смерці.

Брытанскія спецыялісты прызналі стан хлопчыка невылечным і на падставе гэтага звярнуліся ў Вярхоўны суд Вялікабрытаніі за дазволам адключыць сістэму жыццязабеспячэння. Пасля таго як была адхілена апеляцыя яго бацькоў суд дазволіў зрабіць гэта ў бліжэйшыя дні.

Бацькі Элфі Эванса спрабавалі працягнуць эксперыментальнае або паліятыўнае лячэнне хлопчыка за мяжой, у прыватнасці імі разглядаўся ватыянт ватыканскай педыятрычнай клінікі “Bambino Gesu”. Суд не дазволіў ім гэтага зрабіць, спаслаўшыся на афіцыйны ліст брытанскіх урачоў, якія запэўнілі, што ніякія меры не дадуць станоўчага выніку.


05/04/2018 11:13