cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Сустрэчы і падзеі

Францішак сустрэнецца з Місіянерамі міласэрнасці

Францішак сустрэнецца з Місіянерамі міласэрнасці - AFP

06/04/2018 15:31

8-11 красавіка 2018 г. у Рыме адбудзецца Другая сустрэча Місіянераў міласэрнасці – святароў, якім Францішак даручыў быць прывелеяванымі сведкамі Божай міласэрнасці, спавядаючы вернікаў і распаўсюджваючы сведчанне аб бязмежнай дабрыні Пана. 

У арганізаваным Папскай радай па новай евангелізацыі форуме прыме ўдзел каля 500 прэзбітэраў з розных частак свету. 8 красавіка яны будуць удзельнічаць ва ўрачыстай літургіі, якую Пантыфік узначаліць на плошчы св. Пятра з нагоды Нядзелі Божай Міласэрнасці.

На наступны дзень, 9 красавіка, святары збяруцца ў Папскім латэранскім універсітэце, каб выслухаць даклад кардынала Рабэра Сара, прэфекта Кангрэгацыі Божага Культа і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, на тэму: “Прымірэнне: сакрамэнт міласэрнасці”, пасля чаго падзеляцца ўласнымі сведчаннямі аб душпастырскай дзейнасці. 

10 красавіка 2018 г. у ватыканскім Апостальскім палацы ўдзельнікаў сустрэчы прыме Францішак. Затым ён узначаліць спецыяльную св. Імшу для Місіянераў міласэрнасці, якая адбудзецца ў базыліцы св. Пятра. Папярэднічаць сустрэчы з Пантыфікам будзе даклад “Місіянеры міласэрнасці паводле папы Францішка”, падрыхтаваны старшынёй Папскай рады па новай евангелізацыі, арцыбіскупам Рына Фізікелам.

У апошні дзень сустрэчы, 11 красавіка, Місіянеры міласэрнасці зноў збяруцца ў Папскім латэранскім універсітэце, каб пазнаёміцца з некаторымі душпастырскімі ўказаннямі адносна сакрамэнту споведзі, якія прадставіць сакратар Папскай рады па новай евангелізацыі, арцыбіскуп Актавіа Руіс Арэнас. Апошнім пунктам праграмы форума стане св. Імша ў базыліцы св. Яна на Латэране, якую будзе цэлебраваць арцыбіскуп Фізікела.

Паводле інфармацыі Зады Друку Апостальскай Сталіцы, на працягу форума ўдзельнікі сустрэчы будуць спавядаць вернікаў у розных касцёлах Вечнага горада, а таксама атрымаюць даведнікі з кантактнай інфармацыяй аб усіх 897 Місіянерах міласэрнасці, якія на цяперашні момант служаць у свеце.

Служэнне Місіянераў міласэрнасці было ўстаноўлена Францішкам падчас Юбілейнага года Божай міласэрнасці, які праходзіў у Каталіцкім Касцёле ў 2015-2016 гг. “Быць Місіянерам міласэрнасці, азначае быць сведкамі блізкасці Бога і Яго спосабу любіць. Не нашага спосабу, заўсёды абмежаванага і часам супярэчлівага, але Яго спосабу любіць і прабачаць, якім з’яўляецца менавіта міласэрнасць”, - казаў ім Папа.


06/04/2018 15:31