2018-04-06 12:45:00

Папа пра крызіс пакліканняў: патрэбны малітва і сведчанне


“Я вельмі баюся, што наша моладзь згубіць свае карані. Я баюся гэтага. Магчыма, што сённяшнім заданнем з’яўляецца падрыхтоўка шляху, каб убачыць тое, што абвяшчаў прарок Ёэль: “Старцам вашым будуць сніцца сны, і юнакі вашыя будуць бачыць абвяшчэнні” (3,1), - адзначыў Францішак ў відэазвароце да ўдзельнікаў іспанскага 47-га Нацыянальнага тыдня Інстытутаў кансэкраванага жыцця.

Форум праходзіць 5-8 красавіка 2018 г. у Мадрыдзе на тэму: “Паклікаў тых, каго палюбіў. Моладзь, распазнанне і кансэкраванае жыццё”. У ім прымае ўдзел каля 700 маладых законнікаў з усёй Іспаніі. Спецыяльныя госці сустрэчы – арцыбіскуп Хасэ Радрыгес Карбала, сакратар Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў Апостальскага жыцця, кардынал Оскар Радрыгес Марадзьяга, арцыбіскуп Тэгусігальпы, і брат Алаіз Лозэр, прыёр экуменічнай супольнасці з Тэзэ.

У сваім звароце Папа заўважыў, што перад абліччам змяншэння колькасці людзей, якія адказваюць на пакліканне да кансэкраванага жыцця, нельга спыняцца на нараканнях і аплакванні слаўнай мінуўшчыны. Пан заклікае нас глядзець наперад і ўказвае, што мы павінны рабіць: маліцца і даваць сведчанне, перакананы Францішак. 

Паводле яго слоў, у цяперашняй сітуацыі нельга паддавацца спакусе празелітызму, але трэба шукаць магчымасці для адкрыцця новых шляхоў, дзякуючы якім Пан зможа прамаўляць да людзей і клікаць іх. Пантыфік падкрэсліў, што нельга прывабліваць да кансэкраванага жыцця спосабамі, якія нагадваюць “перадвыбарчыя кампаніі” ці “камерцыйныя акцыі”, таму што “Божае пакліканне не ўваходзіць у маркетынгавыя мадэлі”. “Гэта штосьці іншае”, - сказаў ён.

Святы Айцец выказаў сваю занепакоеннасць тым, што сучасная моладзь вельмі часта расце без каранёў. Ён адзначыў, што яшчэ ёсць час, каб змяніць сітуацыю і падкрэсліў, што важную ролю ў гэтым працэсе грае дыялог паміж людзьмі маладога ўзросту і пажылымі. “У нас яшчэ ёсць час: не згубім яго!”, - заклікаў у сваім відэазвароце Францішак.

Сёлетні іспанскі тыдзень Інстытутаў кансэкраванага жыцця праходзіць у рамках падрыхтоўкі да Сінода Біскупаў на тэму: “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”, які ў кастрычніку 2018 г. адбудзецца ў Ватыкане.








All the contents on this site are copyrighted ©.